БЕЛ Ł РУС

Паліцыя лічыць абставіны смерці зоркі Галівуда Джына Хэкмана і яго жонкі вельмі падазронымі

28.02.2025 / 08:31

Nashaniva.com

Пасля першаснага агляду паліцыянты прыйшлі да высновы, што целы Хэкмана і Аракавы праляжалі даволі доўга.

Дом Хэкманаў у Нью-Мексіка. Фота: Roberto E. Rosales / AP

Паліцыя горада Санта-Фэ лічыць абставіны смерці адной з самых яркіх зорак Галівуда Джына Хэкмана, яго жонкі, а таксама іх сабакі падазронымі і што яны патрабуюць расследавання, піша Бі-бі-сі.

«[Абставіны смерці] дастаткова падазроныя, каб патрабаваць дэталёвага вывучэння і расследавання», — гаворыцца ў ордары на вобшук дома ў Санта-Фэ, штат Нью-Мексіка, дзе ў сераду былі знойдзеныя мёртвымі 95-гадовы Джын Хэкман і яго 63-гадовая жонка Бэтсі Аракава.

Пры гэтым паліцыя прызнае, што пакуль не выявіла яўных прыкмет злачынства.

Пасля першаснага агляду паліцыянты прыйшлі да высновы, што целы Хэкмана і Аракавы праляжалі даволі доўга.

«Сітуацыя выглядае так, што яны памерлі досыць даўно, але я не хачу гадаць, калі менавіта гэта адбылося», — сказаў на прэс-канферэнцыі шэрыф акругі Санта-Фэ Эдан Мендоса.

«Непасрэдных прыкмет злачынства няма. Мы яго пакуль не выключаем. Ідзе следства, усе версіі разглядаюцца», — дадаў Мендоса.

Дэтэктыў паліцыі, які першым аглядаў целы, патлумачыў, што аб тым, што смерць наступіла досыць даўно, сведчыць ступень раскладання і муміфікацыя рук і ног Бэтсі Аракавы.

Целы Хэкмана і Аракавы знайшлі двое рабочых, якія час ад часу выконвалі розныя працы ў іх доме. Яны распавялі паліцыі, што звычайна кантактавалі з сям’ёй па тэлефоне або праз СМС, і апошні раз гэта было два тыдні таму.

Цела Джына Хэкмана было знойдзена ў падсобным памяшканні побач з кухняй, цела Бэтсі — у ваннай.

Траўмаў ці ран на целах не выявілі.

Паліцыя папрасіла патолагаанатамаў зрабіць аналізы на атручэнне чадным газам або чымсьці іншым. Інфармацыі аб выніках ускрыцця і аналізу пакуль няма.

У ваннай, дзе знайшлі Бэтсі Аракаву, рассыпаліся таблеткі, якія прадаюцца па рэцэпце.

Побач з Аракавай знайшлі мёртвага сабаку — нямецкую аўчарку. Пры гэтым два іншыя сабакі сям’і Хэкмэн-Аракава былі знойдзеныя жывымі і здаровымі: адна — у доме, другая — на вуліцы.

На Хэкмане былі шэрыя спартыўныя штаны, сіняя футболка з доўгімі рукавамі і карычневыя хатнія тапкі. Побач з целам ляжалі сонечныя акуляры і кій.

Паліцыя мяркуе, што акцёр раптоўна паваліўся на падлогу.

Дзверы ў дом былі адкрыты.

Слядоў узлому і рабавання паліцыя не выявіла: усе прадметы на першы погляд засталіся на сваіх месцах, няма і прыкмет таго, што нехта капаўся ў рэчах памерлых.

Прыкмет уцечкі газу або наяўнасці ў доме чаднага газу спецыялісты таксама не знайшлі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула