76-гадовы мужчына без вопраткі і абутку ноччу сышоў з бальніцы, яго шукалі некалькі дзён
На жаль, вяскоўца знайшлі загінулым.
22 лютага каля 00:30 жыхар вёскі Занарач Анатоль Пагуда сышоў з прыёмнага пакоя Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Адразу пасля знікнення мужчыны, які пакінуў медустанову без абутку і верхняй вопраткі, да яго пошукаў далучыліся супрацоўнікі мядзельскай міліцыі. У той жа дзень арыенціроўку на яго пошукі распаўсюдзілі валанцёры атрада «Анёл», паведамляў гісторыю Kraj.by.
Атрад «Анёл» арганізоўваў тэрміновы збор пошукавай групы. У самім Мядзеле да пошукаў далучыліся мясцовыя жыхары і сваякі зніклага. Удзельнічалі ў пошукавых мерапрыемствах і супрацоўнікі міліцыі. Усяго былі задзейнічаныя больш за 20 чалавек.
Камеры вонкавага назірання зафіксавалі, што пасля выхаду з бальніцы Анатоль Пагуда праходзіў побач з крамай і інтэрнатам.
— Відаць, што ішоў ён даволі бадзёра, але потым некуды звярнуў. Куды менавіта — невядома, расказвала прадстаўнічка «Анёла» Юлія Коўган.
Учора старога чалавека знайшлі нежывым у адным з двароў у Мядзеле.