За парушэнне дзяржаўных сакрэтаў судзяць пагранічніка з базы «Міратворца», які пайшоў у IT і засядаў у Васкрасенскага
35-гадоваму Руслану Явіцу пагражае да 5 гадоў калоніі.
Руслан Явіца. Фота: belhard.by
У Мінскім гарадскім судзе пачынаюць судзіць 35-гадовага Руслана Явіцу. Яму ставяць у віну «парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў, якое прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч.2 арт. 375-2 Крымінальнага кодэкса). Гэта вельмі рэдкі артыкул, але зразумець, што інкрымінуецца Явіцу, будзе складана, бо працэс зрабілі закрытым. Яго біяграфія таксама не пралівае святло на сітуацыю.
Раней Явіца быў начальнікам аддзела вайсковай часці в/ч 1250 (фармальна знаходзіцца ў Мінску, але ў яго была брэсцкая прапіска). «Белпол» пацвердзіў «Нашай Ніве», што ў Беларусі ёсць толькі адзін чалавек з такімі ініцыяламі.
«Вайсковая часць 1250 — гэта тая самая часць, дзе базіруецца АСАМ (Асобная служба актыўных мерапрыемстваў), напэўна, самае тайнае са спецпадраздзяленняў Беларусі, таму што ніхто толкам не ведае, чым яно займаецца. Фармальна — асабліва небяспечнай памежнай злачыннасцю. Але паколькі межы Беларусі да апошняга часу былі спакойныя, то можна меркаваць, што гэта спецпадраздзяленне займаецца правядзеннем дыверсій», — з такой матывацыяй Явіцу ў 2022-м уключылі ў «Міратворац», базу ворагаў Украіны, і абвесцілі «расійскім дыверсантам».
Найхутчэй, украінцы скарысталіся старымі базамі. На той момант Явіца ўжо пакінуў службу і пайшоў у IT-сферу.
У 2021-м ён пісаў запыт у юрыдычную кансультацыю, у якім паведамляў, што нейкая кампанія, да якой ён мае дачыненне, запрошаная ў якасці рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны «Інаполіс» у Татарстане.
Апроч таго, Явіца працуе як выкладчык і бізнэс-трэнер.
«Практыкуючы праектны менеджар з вопытам працы ў IT больш за 6 гадоў. Працуе з рынкамі СНД і Еўропы. На гэты момант асноўная дзейнасць звязана з праектамі ў рэалізацыі мабільнай распрацоўкі і скрыначных фінансава-тэхнічных праектаў», — гаворыцца ў прэзентацыі «Акадэміі Белхард». Явіца чытае тут курс «2 у 1: Бізнэс-аналіз і кіраванне праектамі ў IT».
Трэцяя актыўнасць памежніка-айцішніка — актыўнасць у круглых сталах Юрыя Васкрасенскага, якія праходзілі ў пачатку 2021 года. На гэтым фота Руслан Явіца ў белай кашулі падчас дыскусіі пра Усебеларускі народны сход.
Фота ksds.by
На якім этапе жыцця ён парушыў дзяржаўныя сакрэты і як пра гэта даведаліся, незразумела. Суд над ім пачнецца 14 сакавіка 2025. Явіцу пагражае да 5 гадоў хіміі альбо да 5 гадоў калоніі. Да суда ён знаходзіцца на свабодзе.
Чытайце таксама:
Сталічную настаўніцу фізкультуры судзяць за ўдзел у пратэстах
Вайскоўца Дудука з 120-й асобнай механізаванай брыгады судзяць за перавышэнне ўлады