БЕЛ Ł РУС

«Калі вы не супакоіце дзіця, я пачну помсціць». Мінская сям'я сутыкнулася з дзіўнымі суседзямі

5.03.2025 / 13:20

Nashaniva.com

Што рабіць, калі сусед аб’яўляе вам вайну, бо вы не жывяце паводле ягонага раскладу і шуміце ўдзень? З такой сітуацыяй сутыкнуўся чытач Onlíner.by.

— Мы з жонкай і пяцігадовым дзіцем засяліліся ва ўласную кватэру ў Мінску, якую атрымалі ў спадчыну, таму і ўсіх жыхароў пад’езда ведалі асабіста.

Праблемы пачаліся, калі сусед знізу вырашыў здаваць адзін з пакояў, а сам з’ехаў. Кватаранты, што змяняліся, у асноўным былі нармальнымі людзьмі. Так, часам здараліся начныя гулянкі. Так, зрэдку да нас даносіліся ўздыхі і охі, але, будучы маладымі, мы ставіліся да рэдкіх шумоў з разуменнем.

Але ўсё змянілася, калі знізу пасяліліся новыя «цудоўныя» арандатары — малады хлопец з дзяўчынай.

У адзін з выхадных жонка гатавала адбіўныя, калі раптам раздаўся гучны стук па батарэі. Тады мы не надалі гэтаму значэння. Але на наступны дзень а 18:00 стук паўтарыўся.

Аказалася, што яго чуюць і іншыя суседзі, але ніхто не разумеў, у чым справа.

Неўзабаве незадаволены сусед прыйшоў да нас з прэтэнзіяй: наш сын гуляе ўдзень і перашкаджае яму адпачываць. Пасля тлумачэнняў жонкі, што дзіця нельга проста прывязаць да батарэі, ён заявіў, што будзе дзейнічаць.

З гэтага моманту стук па батарэі стаў рэгулярным, нават калі ў кватэры было ціха.

Іншыя жыхары дома спрабавалі пагаварыць з ім, але безвынікова. Дайшло да таго, што ён адкрыта пагражаў: «Калі вы не супакоіце дзіця, я пачну помсціць».

Стук не спыняўся, і аднойчы сусед дайшоў да нашых дзвярэй, стаў калаціць у іх што ёсць моцы.

«Як мы вырашылі праблему? Мы звярнуліся да ўчастковага, і ўжо на наступны дзень той наведаў суседа.

Зразумела, гэта яму не спадабалася, і ён вырашыў пажаліцца гаспадару кватэры, якую арандаваў.

Але з ім у нас былі вельмі добрыя адносіны, бо мы ведалі адзін аднаго даўно.

У выніку гаспадар падтрымаў нас, і кватаранты былі вымушаны з’ехаць. У доме нарэшце наступіў спакой.

Дарэчы, кватэра і цяпер здаецца, але новыя жыхары бываюць розныя, і да шмат чаго мы ўжо ставімся прасцей».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула