Што ўказвае на высокую рызыку суіцыду ў чалавека, які пра гэта кажа? Адказвае псіхіятр
18.03.2025 / 10:0
У Беларусі ў 2021 годзе было здзейснена 1907 самагубстваў — добраахвотна пайшлі з жыцця 1550 мужчын і 357 жанчын. Саміх жа спробаў было каля 12800. «Наша Ніва» запыталася ў псіхіятаркі Ганны Савіцкай, як зразумець, калі чалавек рэальна вагаецца паміж жыццём і смерцю, а калі спрабуе маніпуляваць асяроддзем.
Суіцыдальныя намеры ў большасці выпадкаў бываюць амбівалентнымі (супярэчлівымі), а гатоўнасць да суіцыду можа змяняцца ад хвіліны да хвіліны, расказвае Ганна. Чалавек можа вагацца паміж жыццём і смерцю ў залежнасці ад падтрымкі, абставін і ўнутранага стану. Нават спецыяліст можа памыліцца ў прагнозе, таму рызыкоўна браць на сябе адказнасць ацэньваць —маніпуляцыя гэта ці не.
«Сапраўды, не ўсе, хто кажа пра суіцыд, хочуць памерці, але большасць адчуваюць рэальныя пакуты і маюць патрэбу ў дапамозе.
Калі мы дзелім людзей на «маніпулятараў» і «тых, хто сапраўды збіраецца памерці» — гэта робіць праблему больш павярхоўнай і можа прывесці да абясцэньвання пакут асобных людзей і знізіць магчымасць іх звароту па дапамогу, а таксама якраз падвысіць верагоднасць суіцыдальнай спробы», — кажа яна.
З даследаванняў вядома, што каля 80% людзей, якія здзейснілі суіцыд, гаварылі пра гэта загадзя, адзначае псіхіятарка. Гэта значыць, што ўсе падобныя заявы заслугоўваюць увагі і сур’ёзнага стаўлення, кажа яна.
Калі ж адказваць на пытанне аб тым, што, акрамя выказванняў, можа ўказваць на высокую рызыку суіцыду, то можна пералічыць наступныя фактары:
- частыя, канкрэтныя выказванні пра суіцыд;
- наяўнасць плана (як, калі, якім спосабам);
- доступ да магчымых сродкаў здзяйснення суіцыду (небяспечныя медыкаменты, зброя, вострыя прадметы);
- суіцыдальныя спробы ў мінулым;
- дэпрэсія, іншыя псіхічныя разлады;
- пачуццё безнадзейнасці, страта блізкага чалавека ў недалёкім мінулым, іншыя крызісныя абставіны;
- рэзкія змены ў паводзінах (напрыклад, раптоўны спакой пасля доўгага адчаю);
- раздача рэчаў, развітальныя лісты;
- злоўжыванне алкаголем, псіхаактыўнымі рэчывамі;
- адзінота, сацыяльная ізаляцыя.
Якія дзеянні варта прадпрымаць у такім выпадку блізкім і людзям навокал?
- ставіцца сур’ёзна, не ігнараваць нават «няпэўныя» заявы і тыя, якія здаюцца маніпулятыўнымі;
- проста пытацца: «Ты сапраўды думаеш пра самагубства?» Не баяцца вымаўляць гэта слова ўслых (гэта якраз дапамагае адкрыцца і зняць напружанне, калі яно ёсць). Важна задаваць пытанні пра наяўнасць плана, высвятляць выбраны спосаб;
- па магчымасці не пакідаць чалавека ў адзіноце, прапанаваць прафесійную дапамогу;
- у сітуацыі, калі рызыка выглядае высокай, ці спроба ўжо ў працэсе, ці адбылася — выклікаць хуткую дапамогу і шпіталізаваць.
Калі вы ў Беларусі і адчуваеце сябе псіхалагічна дрэнна, памятайце, што ў краіне кругласуткава працуе рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказанні псіхалагічнай дапамогі. «Тэлефон даверу» для дарослых: 8 (017) 352-44-44, 8 (017) 304-43-70.
«Тэлефон даверу» для дзяцей і падлеткаў: 8 (017) 263-03-03.
У эміграцыі раім звяртацца ў профільныя арганізацыі па месцы жыхарства. Адзін з варыянтаў — служба «Адно акно».
Чытайце таксама:
Вывезены з Украіны ў Расію падлетак скончыў жыццё самагубствам