БЕЛ Ł РУС

Звольнілі дырэктара Белдзяржфілармоніі

13.03.2025 / 21:21

Nashaniva.com

Аляксандр Мікіта звольнены з пасады генеральнага дырэктара Белдзяржфілармоніі, піша «Люстэрка» са спасылкай на сваіх чытачоў. Яго прозвішча знікла з афіцыйнага сайта гэтага калектыву.

Аляксандр Мікіта. Фота: старонка Мікіты ў фэйсбуку

Прычына звальнення невядомая, калі менавіта яно адбылося — таксама. Ускосна можна меркаваць, што гэта адбылося адносна нядаўна. Па стане на канец студзеня Мікіта знаходзіўся на сваёй пасадзе.

На сваёй старонцы ў інстаграме Аляксандр Мікіта рэгулярна выкладаў навіны пра калектыў, які ўзначальваў. Апошні пост быў апублікаваны пяць дзён таму. У той жа дзень апошні раз абнаўлялася і старонка Мікіты ў фэйсбуку.

Аляксандр Мікіта нарадзіўся ў 1983 годзе ў Махачкале, але ён беларус паводле паходжання. У 2002-м з адзнакай скончыў Мінскае музычнае вучылішча па класе альта, у 2007-м — Акадэмію музыкі па класе альта, пазней — Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання (спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія»).

Працаваў у аркестры Дагестанскай дзяржаўнай філармоніі (1998-2000), прэзідэнцкім аркестры (2003-2007) і аркестры ансамбля «Харошкі» (2007-2008). Быў намеснікам дырэктара (2008-2018) і дырэктарам «Харошак» (2018-2020).

Дырэктарам Белдзяржфілармоніі Мікіта стаў у сакавіку 2020 года. Ягоны папярэднік на гэтай пасадзе Аляксандр Гарбар узначальваў калектыў з 2004-га.

Чытайце таксама:

Памёр Генадзь Забара

Амаль год шукалі новага дырэктара для Музтэатра. Каго знайшлі

Звольнілі дырэктарку тэатра беларускай арміі

Каментары да артыкула