Беларусы напісалі ў Канстытуцыйны суд больш за 113 скаргаў. Міклашэвіч: Прыдатныя толькі 5% з іх
Пасля прыняцця зменаў у Канстытуцыю беларусам дазволілі звяртацца са скаргамі ў Канстытуцыйны суд — калі раптам яны палічыць, што ў галоўным законе краіне нешта не так. Які вынік рэформы?
Пятро Міклашэвіч. Фота Sb.by
Старшыня Канстытуцыйнага суда Пятро Міклашэвіч пахваліўся, як актыўна беларусы пішуць яму скаргі.
«Грамадзяне даволі актыўна рэалізуюць сваё права на зварот з канстытуцыйнай скаргай. У 2024 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла 103 канстытуцыйныя скаргі, а за два месяцы 2025-га — больш за 10 такіх скаргаў», — расказаў ён Sb.by
Па словах Міклашэвіча просяць праверыць працоўныя, жыллёвыя, пенсійныя, падатковыя, працэсуальныя і іншыя праваадносіны.
Але што ж суддзі зрабілі з гэтымі больш чым 113 скаргамі?
Як прызнаўся Міклашэвіч, патрабаванням адпавядаюць толькі каля 5% ад усіх пададзеных скаргаў. Калі казаць у абсалютных лічбах, то атрымліваецца ўсяго 5 ці 6 прыдатных зваротаў.
Пакуль Канстытуцыйны суд пагадзіўся толькі з адной скаргай — беларусу не спадабалася, што начальнік абласнога ДАІ не аб'яднаў тры яго правапарушэнні ў адзін адміністрацыйны працэс. Тады б, як ён палічыў, пакаранне магло б быць больш мяккім. Таму суддзі параілі парламенту перагледзець фармулёўкі ў заканадаўстве.
Чытайце: Беларус прымусіў Канстытуцыйны суд пераглядзець заканадаўства
Яшчэ некалькі скаргаў знаходзяцца ў працэсе разгляду.