БЕЛ Ł РУС

Памёр былы ўкраінскі прэм'ер, які падпісаў Белавежскія пагадненні

20.03.2025 / 17:13

Nashaniva.com

Памёр першы прэм'ер-міністр незалежнай Украіны Вітольд Фокін, паведамляе «Украінская праўда». Яму было 92 гады.

Вітольд Фокін

Пра смерць Вітольда Фокіна паведаміла ягоная ўнучка ў сацсетках.

Вітольд Фокін у савецкі час зрабіў сваю прафесійную кар'еру ў Дзяржплане УССР, а з 24 жніўня 1991 года па 1 снежня 1992-га кіраваў украінскім урадам, стаўшы такім чынам апошнім прэм'ерам савецкай Украіны і першым незалежнай.

Акурат на час ягонага прэм'ерства прыпала падпісанне Белавежскіх пагадненняў 8 снежня 1991 года, якія фактычна скончылі існаванне СССР «як геапалітычнай рэальнасці».

Тыя пагадненні афіцыйна падпісалі 6 чалавек — прэзідэнты Расіі і Украіны Барыс Ельцын і Леанід Краўчук, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прэм'ер-міністры Беларусі і Украіны Вячаслаў Кебіч і Вітольд Фокін і першы намеснік старшыні расійскага ўрада Генадзь Бурбуліс. 

Да сённяшняга дня Вітольд Фокін быў апошнім, хто з тых падпісантаў заставаўся жывы. Барыс Ельцын памёр у 2007 годзе, Вячаслаў Кебіч — у 2020-м, а Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і Генадзь Бурбуліс — у 2022-м.

Пасля адстаўкі Фокіна з пасады прэм'ер-міністра ён пакінуў дзяржаўную службу. З 1993 года ён быў прэзідэнтам Міжнароднага фонду гуманітарных і эканамічных сувязяў Украіны з Расійскай Федэрацыяй, а з 18 жніўня па 30 верасня 2020 года выконваў абавязкі намесніка прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Чытайце таксама:

Расійскі паэт і драматург памёр пасля таго, як яго адхілілі ад правядзення цырымоніі адкрыцця фестывалю анімацыі

Памерла былая старшыня камісіі па прадухіленні парнаграфіі Ніна Фральцова

Памёр Бедрос Кіркораў

Каментары да артыкула