У Латвіі хочуць забараніць беларусам купляць нерухомасць
У Латвіі хочуць забараніць грамадзянам Беларусі і Расіі купляць нерухомасць, але з праекта закона да другога чытання знікла агаворка, што выключае з-пад забароны ўладальнікаў атрыманага ў Латвійскай Рэспубліцы статусу пастаяннага жыхара ЕС або пастаяннага дазволу на жыхарства, піша Lsm.
Фота: Jon Hicks / Getty Images
Прадстаўніца Міністэрства юстыцыі Лаўма Паэглькална пацвердзіла:!Згодна з гэтай версіяй закона, у тых, хто ўжо валодае жыллём, яго не будуць адбіраць, але і купіць іншую кватэру або дом яны больш не змогуць. Хаця пэўныя ўдакладненні яшчэ магчымыя».
«Мэта закона дакладна вызначана першым артыкулам закона. А ў анатацыі апісана, чаму заканадаўца вырашыў усталяваць такое абмежаванне на набыццё нерухомасці грамадзянамі Беларусі і Расіі. У першую чаргу гэта звязана з распачатай вайной, ваенным уварваннем РФ ва Украіну, падтрыманага Беларуссю», — паведаміла яна.
Ідзе гаворка пра праект «Закона аб абмежаванні здзелак, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы». Сутнасць яго ў тым, што з моманту яго ўступлення ў сілу грамадзяне РФ і Беларусі (а таксама юрыдычныя асобы, дзе ім належыць як мінімум 25% доляў) не змогуць набываць у Латвіі ніякую нерухомасць.
У згаданым артыкуле гаворыцца, у прыватнасці, пра неабходнасць не дапусціць некантралюемы ўплыў на латвійскую эканоміку, да якога можа прывесці канцэнтрацыя грамадзян Расіі і Беларусі і іх капіталу на тэрыторыі Латвіі, не дапусціць выкарыстання капіталу гэтых краін і іх грамадзян супраць інтарэсаў Латвіі і інш.