На польска-ўкраінскай мяжы затрымалі беларуску з падробленымі штампамі
На польскім прапускным пункце Карчова, што на мяжы з Украінай у Падкарпацкім ваяводстве затрымалі грамадзянку Беларусі, у пашпарце якой выявілі падробленыя штампы аб перасячэнні мяжы, піша Памежная служба Польшчы.
Фота: strazgraniczna.pl
Чатыры падробленыя штампы памежнага кантролю ў жанчыны нібыта пацвярджалі яе падарожжы праз паветраныя пункты пропуску ў Кракаве і Варшаве і адначасова легалізавалі яе пратэрмінаванае знаходжанне ў краіне.
Фота: strazgraniczna.pl
Пасля выяўлення гэтага факту беларусцы выставілі абвінавачанне ў выкарыстанні фальшывых дакументаў, якое яна прызнала і добраахвотна згадзілася на пакаранне — 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на адзін год. Пашпарт быў канфіскаваны як доказ у справе.