БЕЛ Ł РУС

Севярынец: Праваслаўе паварочваецца да беларускасці

7.04.2010 / 10:53

Прэс-служба БХД

Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі звярнуўся да беларусаў па-беларуску.

Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі звярнуўся да беларусаў па-беларуску.

На афіцыйным сайце Расейскай Праваслаўнай Царквы размешчаныя Велікодныя пасланні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы на 18 мовах свету, у тым ліку — беларускай. На думку лідэра БХД Паўла Севярынца, гэта сведчыць пра станоўчыя змены ў стаўленні РПЦ да Беларусі.

«Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі звярнуўся да беларусаў па-беларуску ці не ўпершыню ў гісторыі. Гэта можна назваць важнай падзеяй. На мой погляд, Велікоднае пасланне 2010 года — водгалас прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі патрыярхам Ціханам у 1918 годзе», — кажа Павал Севярынец.

«Новы патрыярх, а пры ім і праваслаўе пачынае паварочвацца тварам да адраджэння беларускасці. А адраджэнне беларускасці для беларусаў непарыўна звязана з абуджэннем духоўнасці: наша нацыянальная ідэя ўсю тысячу гадоў была беларускай паводле формы і хрысціянскай паводле зместу. Трэба адзначыць, што Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, таксама звярнуўся да сваёй паствы па-беларуску; і трансляцыя Велікоднага набажэнства па БТ паводле добрай традыцыі вялася таксама па-беларуску.

Таксама нагадаем, што падчас свайго восеньскага візіту ў Беларусь кіраўнік РПЦ згадаў пра Курапаты, і Еўфрасінню Полацкую, недвухсэнсоўна выказаўся пра аўтарытарызм і адмоўных герояў кшталту Івана Жахлівага і Пятра І.

«Калі такія крокі Маскоўскага патрыярхату зробяцца паслядоўнымі, то стэрэатып пра праваслаўе як галоўную русіфікатарскую сілу ў Беларусі будзе разбураны», — адзначыў Павал Севярынец.

Тэкст паслання Патрыярха Кірыла да беларусаў можна прачытаць тут.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула