БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выдварылі з краіны

1.08.2025 / 11:7

Nashaniva.com

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны паведамілі Радыё Свабода, што цяпер у краіне жывуць 11 016 грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на сталае жыхарства, і 3 030 — на часовае.

«Цягам шасці месяцаў 2025 году 11 грамадзян Беларусі адмовілі ў выдачы дазволу на сталае жыхарства ва Украіне (пры выдачы ўпершыню), 3 — у выдачы дазволу на часовае жыхарства (пры выдачы ўпершыню) і 4 — у выдачы дазволу на часовае жыхарства (пры абменьванні)», — адзначаецца ў адказе міграцыйнай службы Украіны.

Такім чынам, у 2025 годзе колькасць беларусаў, якія маюць права на сталае жыхарства ва Украіне, павялічылася на 15,05 % у параўнанні з 2020-м, і на 23,8 % зменшылася колькасць тых, хто атрымаў часовы дазвол (на адзін год з правам далейшага падаўжэння).

Хто атрымаў грамадзянства Украіны

Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Наталля Навуменка паведаміла, што сёлета за паўгода 32 чалавекі з грамадзянствам Беларусі атрымалі грамадзянства Ўкраіны.

Сярод іх:

У той жа час, як падкрэслілі ў ДМС, асобная статыстыка колькасці пададзеных заяваў аб набыцці грамадзянства Украіны не збіраецца і не ўлічваецца.

«Апроч таго, улік асобаў паводле падстаў атрымання грамадзянства Украіны іншаземцамі і асобамі без грамадзянства, якія бяруць удзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны, у ДМС асобна не вядзецца», — адказвае міграцыйная служба.

Найбольш імаверна, што беларускія добраахвотнікі атрымлівалі грамадзянства Украіны на падставе ўказу прэзідэнта.

У той жа час у адказе не ўдакладнілі, колькім грамадзянам Беларусі адмовілі ў грамадзянстве Украіны.

Колькі беларусаў вярнулі і куды

З 1 студзеня 2020 году да 31 снежня 2024 года Украіна прымусова вярнула 360 грамадзян Беларусі і яшчэ 32 — прымусова выправадзіла праз парушэнне правілаў знаходжання іншаземцаў на ўкраінскай тэрыторыі.

За першыя паўгода 2025 году 15 грамадзян Беларусі выехалі з Украіны па працэдуры прымусовага вяртання і 6 — прымусова выправаджаныя (у Беларусі няма юрыдычнага паняцця «дэпартацыя» — РС).

У той жа час у Дзяржаўнай міграцыйнай службе не паведамілі, у якія краіны прымусова вярталі або выправоджвалі беларусаў, бо такой статыстыкі не вядзецца.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны звярнулі ўвагу, што прымусовае вяртанне прадугледжвае для іншаземца магчымасць добраахвотна выехаць з Украіны за 30 дзён, а калі ён адмаўляецца — выкарыстоўваецца працэдура прымусовага выправоджання. На час арганізацыі выправоджання іншаземца могуць змясціць у пункты часовага знаходжання ў сістэме Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, цяпер у такіх пунктах знаходзяцца чацвёра грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула