БЕЛ Ł РУС

Гісторыя мужчыны, які ажаніўся з жанчынай з чатырма дзецьмі

7.08.2025 / 10:55

Nashaniva.com

Дзяніс Мастыка ўпэўнены: калі ўступаеш у адносіны з чалавекам, у якога ёсць дзеці, ты ўступаеш у адносіны з усёй сям'ёй ці не ўступаеш наогул.

Фота з сямейнага архіва Дзяніса Мастыкі

Гісторыю сям'і расказала Tochka. Прыводзім яе з невялікімі скарачэннямі.

У галаве не ўкладвалася

Дзяніс пазнаёміўся з Аляксандрай сем гадоў таму. Пра тое, што ў яе ёсць дзеці (цэлых чацвёра), даведаўся далёка не адразу, і, па яго словах, адчуў тады не шок, а… лёгкі недавер.

«Я спачатку думаў, што яна жартуе. Кажу: «У цябе што, дзіця?» — «Не». — «Ну добра, двое?» — «Не». І вось так мы дайшлі да: «У мяне чацвёра». Гэта проста ў галаве не ўкладвалася. Была карцінка, што мама чацвярых дзяцей — гэта такая цётка ў халаце са школьнай сталовай, якая стамілася, з мяшкамі пад вачыма. А тут — стройная, прыгожая дзяўчына. Я рэальна падумаў, што мяне разыгрываюць», — успамінае Дзяніс.

Але замест таго, каб спалохацца або адступіць, Дзяніс надзвычай лёгка і арганічна прыняў сітуацыю. Закахаўшыся ў жанчыну, ён адразу ж адкрыў сэрца і яе дзецям. Спачатку ён пазнаёміўся з малодшымі дочкамі: Алісе тады было 7 гадоў, Еве — усяго 2 гады.

«На першай сустрэчы з дзяўчынкамі мы паехалі катацца на роварах у Дразды, і я адразу ўключыўся, быццам гэта мае дзеці. Для мяне не было ніякага «спачатку праверу», «прыгледзімся». З першага дня знаёмства я сябе адчуваў як бацька», — распавядае Дзяніс.

Са старэйшымі хлопчыкамі, падлеткамі, Дзяніс пазнаёміўся пазней. Спачатку яны паставіліся да яго насцярожана. Мужчына абраў тактыку мяккай прысутнасці: проста быць побач і быць сабой.

«Я лічу, што, калі ўступаеш у адносіны з чалавекам, у якога ёсць дзеці, ты ўступаеш у адносіны з усёй сям'ёй або не ўступаеш наогул. Нельга ўзяць чалавека «па частках». У мяне не было страху, было пачуццё «гэта маё». Я гэта выбраў, і я гэта люблю», — адзначае ён.

З часам, без ціску і фарсіравання, адносіны з хлопцамі сталі бліжэйшыя.

Фота з сямейнага архіва Дзяніса Мастыкі

Праз год пасля знаёмства пара ажанілася. З тых часоў яны жывуць разам, і Дзяніс афіцыйна ўпісаны ў пасведчанне шматдзетнай сям'і.

«У пасведчанні шматдзетнай сям'і паказваецца той, з кім фактычна пражываюць дзеці. І гэта не фармальнасць: я ўключаны ў забеспячэнне, выхаванне, побыт кожны дзень. Я не проста «жыву з жанчынай, у якой дзеці». Я — бацька», — кажа Дзяніс.

Агульны сын

Даніэль — малодшы з пецярых дзяцей і першае сумеснае дзіця Дзяніса і Аляксандры, цяпер яму 3 гады. Ён стаў лагічным працягам іх адносін.

У Даніэля два старэйшыя браты і дзве сястры, якія могуць быць і няняй, і сябрам, і прыкладам. У яго — бацькі, якія прайшлі агонь, ваду, канфлікты і крызісы. Ён расце ў доме, дзе выхаванне — не жорсткія правілы, а культура дыялогу, падтрымкі і сумеснага росту.

«Старэйшыя дзеці па-рознаму праяўляюць сябе ў адносінах да яго. Хтосьці гуляе, хтосьці выхоўвае. У яго сапраўды ёсць уся палітра: і абарона, і ўвага, і нават лёгкая рэўнасць. А яшчэ — куча мадэляў, як можна жыць», — распавядае мужчына.

Фота з сямейнага архіва Дзяніса Мастыкі

З Даніэлем Дзяніс па-асабліваму мяккі, але і тут не без межаў і прынцыпаў. Ён выразна разумее, што нават самае маленькае дзіця — ужо асоба. Хай пакуль з вельмі простымі патрэбамі, але з вялікім патэнцыялам:

«Вядома, я шмат прабачаю малодшаму. Ён можа нешта намаляваць на сцяне — і я ўсміхнуся. А вось калі старэйшая падтрымала яго ў гэтым, тады ўжо пытаюся з яе. Таму што даросласць — гэта адказнасць».

Даніэль стаў не проста малым у доме, а сімвалам новай главы, пацвярджэннем таго, што каханне ў гэтай сям'і стваральная, што нават у няпростай сістэме «мама з чатырма дзецьмі і новы партнёр» можна выбудаваць моцнае, жывое і сапраўднае «мы».

«Мы не планавалі яго адмыслова. Але ён як быццам сам абраў прыйсці ў гэты свет менавіта да нас. Гэта яшчэ адзін цуд, за які я бясконца ўдзячны», — дзеліцца Дзяніс.

Галоўнае — «плыць у лодцы» разам

Сям'я — гэта не набор асобных людзей, не інтэрнат з раскладам. На думку Дзяніса, сям'я — гэта лодка, у якой кожны грабе ў адным кірунку. І калі хтосьці перастае веславаць, адварочваецца або, наадварот, спрабуе згарнуць з курсу, то ўся канструкцыя пачынае хіліцца.

«Калі ў доме столькі дзяцей, немагчыма кантраляваць усё. Хтосьці пасварыўся, хтосьці пакрыўдзіўся, хтосьці маўчыць. Але я лічу, што, калі не разбіраць сітуацыю, яна нікуды не дзенецца», — разважае шматдзетны бацька.

У доме сям'і Мастык няма забароны на эмоцыі. Можна злавацца, плакаць, спрачацца — але нельга адмоўчвацца і насіць крыўду месяцамі. Калі адбыўся канфлікт, Дзяніс збірае ўсіх, хто ў яго залучаны, і ладзіць сямейную раду. Хай гэта зойме гадзіну, дзве, паўдня — затое кожны выходзіць з адчуваннем, што яго пачулі, што ёсць выснова, што ёсць прабачэнне.

Побыт вялікай сям'і

На першы погляд, здаецца, што сям'я з вялікай колькасцю дзяцей — гэта суцэльны хаос: шум, сваркі, прыборка, цацкі на падлозе, крыкі за вячэрай. І гэта… збольшага праўда.

«Калі ў цябе пяцёра дзяцей — хочаш не хочаш, за ўсімі не ўсочыш. Іх проста фізічна не пасадзіш у адзін пакой. У нас па-іншаму: не па плане, а па духу. Менш кантролю — больш за жыццё», — дзеліцца мужчына.

Унутры хаосу ў Дзяніса і Аляксандры выбудаваны ўласны парадак — жывы, гнуткі, чалавечы:

«Мы не спрабуем пабудаваць армейскі распарадак. Гэта не пра «ў 8 пад'ём, у 9 сняданак, у 10 урокі». У нас усё значна больш паточнае. Гэта не значыць абсалютны хаос. Кожны разумее, што можна, што нельга, дзе свабода, а дзе мяжа».

У гэтай сям'і з павагай ставяцца да асабістай прасторы і да ўзросту кожнага дзіцяці. 

«Я навучыўся ў жонкі спакою. Яна мама з вялікім стажам, яе не падрывае кожны чых. Няма гэтай гіперапекі, як у бацькоў аднаго дзіцяці. Мы даем дзецям свабоду, але і трымаем рамкі», — разважае Дзяніс.

Сямейныя вечары здараюцца, але не па графіку. Бывае, што сям'я гуляе ў настолкі, часам проста гутараць за вячэрай.

Хто што робіць у побыце — таксама пытанне балансу, а не дзяльбы. Жонка часцей адказвае за дзяцей, але, калі трэба, муж бярэ ўсё на сябе. Некалькі разоў Аляксандра ляцела адпачываць з сястрой, ён заставаўся з дзецьмі адзін.

«Мне важна, каб дзеці былі не проста разумнымі або паспяховымі. Я хачу, каб яны былі сумленнымі, Шчодрымі, адкрытымі і добрымі. Каб умелі адчуваць — сябе і іншых», — дзеліцца Дзяніс.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула