У Тэль-Авіве дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі супраць працягу вайны і акупацыі Газы
Дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі ў суботу ўвечары ў Тэль-Авіве і іншых гарадах па ўсім Ізраілю супраць рашэння ўраду пашырыць вайну ў Газе. Да ўдзелу ў акцыі заклікалі сем'і палонных, якія баяцца, што планы ўраду прывядуць да гібелі іх блізкіх.
Мітынг у Тэль-Авіве, 9 жніўня 2025 года. Фота: Aviv Atlas/Pro-Democracy Protest Movement
Пратэсты, якія былі аднымі з самых маштабных за апошнія месяцы, пачаліся праз некалькі дзён пасля таго, як урад прыняў рашэнне захапіць Газу, нягледзячы на пярэчанні вайскоўцаў аб тым, што гэты крок падвергне небяспецы палонных і пагоршыць гуманітарны крызіс у Газе, піша Times of Israel.
Былая закладніца Шарон Алоні-Куніа, чый муж Давіда Куніа застаецца ў палоне, выступіла з прамовай.
«Цяпер, калі падпальшчыкі вечнай вайны падштурхоўваюць усіх нас да жудаснай катастрофы, яны робяць гэта нават не дзеля закладнікаў — яны гучна заяўляюць, што гатовыя ахвяраваць закладнікамі», — сказала яна, раскрытыкаваўшы рашэнне ўрада пашырыць баявыя дзеянні і захапіць сектар Газа.
Элія Коэн, які быў вызвалены з палону ХАМАС у лютым у рамках апошняга пагаднення аб перамір'і і перадачы закладнікаў, таксама быў на мітынгу.
«Рашэнне захапіць Газу выбівае мяне з каляіны. Я ведаю, што адбываецца з закладнікамі, калі баявыя дзеянні ўзмацняюцца», — сказаў ён.
Коэн заклікаў да ўсёабдымнага пагаднення, якое пакладзе канец вайне і вызваліць усіх 50 пакінутых закладнікаў.
Групы, якія прадстаўляюць сем'і закладнікаў і загінулых салдат, выступаюць за ўсеагульны страйк работнікаў ізраільскай эканомікі ў сувязі з планамі ўрада ў дачыненні Газы, хоць Нацыянальны прафсаюз даў зразумець, што не будзе аб'яўляць страйк.
Чытайце таксама:
Ізраільскія ўлады ўхвалілі план Нетаньяху па акупацыі горада Газа
Германія замарозіла экспарт зброі ў Ізраіль у адказ на планы акупаваць сектар Газа