БЕЛ Ł РУС

«Абарончы джыхад захоплівае Татарстан». Некалі ліберальная журналістка Латыніна паразважала, якой была б Расія без Пуціна

24.10.2025 / 16:56

Nashaniva.com

Юлія Латыніна раней падтрымлівала Украіну ў вайне з Расіяй, але з нядаўняга часу трапіла пад санкцыі Кіева за сваю прарасійскую пазіцыю і выказванне «Украіна ў яе цяперашнім выглядзе (…) стварае стратэгічную небяспеку для Расіі». Цяпер яна паразважала на сваёй старонцы ў Х аб тым, што было б, калі б Пуцін не быў пры ўладзе ў Расіі. Прыводзім яе пост цалкам.

Юлія Латыніна. Фота: Анатоль Струнін / ТАСС

«Вось я падумала: нам кажуць, што калі б не Пуцін, то Расія б ужо даўно была ў Еўропе, і ўсё было б як у 90-х, толькі лепш.

Вось я і падумала: а як яно б было?

А тут і ўяўляць не трэба. Досыць паглядзець на суседнюю Украіну. І экстрапаліраваць, з улікам расійскай спецыфікі, некаторыя тэндэнцыі. Дэмакратыя: так. Больш-менш свабодныя выбары, калі фальсіфікацыі — то толькі на мясцовым узроўні.

Свабодная прэса: так. Свабодны выезд, рахункі ў замежных банках, ніякіх праблем: так.

Акрамя гэтага: татальны, абсалютны развал дзяржавы. ФСБ, МУС, ФСА, пракуратура, ператвораныя ў прыватныя герцагствы, якія крышуюць бізнэс, варагуюць адно з адным і вядуць самастойную палітыку аж да знешняй. Суды, у якіх можна вырашыць усё за грошы.

Улада бандытаў у гіганцкіх маштабах. Бізнэс, які вымушаны альбо ператварыцца ў алігархаў — гэта значыць адгадаваць вялізны адміністрацыйны складнік, які перакідвае бандытаў, альбо яго адрэйдзяць на кожным павароце, альбо яго проста адстраляюць бандыты.

Падаткі ніхто не плаціць. Бізнэс жыве ў рэжыме збіральніцтва і палявання. Зарабіў — і валі з гэтай краіны.

Чачня незалежная. У ёй — ісламскі халіфат. Заходнія партнёры сказалі, што яны, канечне, не будуць бамбіць Маскву, як Белград, але вось калі б Масква знайшла агульную мову з змагарамі за свабоду і заключыла мір, гэта было б правільна зразумета. Таму Чачня незалежная, і ісламскі халіфат вядзе абарончы джыхад за вызваленне ўсяго Паўночнага Каўказа. Ліберальная прэса піша пра жах акупацыі і настойвае, каб расійскія каланізатары павініліся і сышлі з Дагестана, Карачаева-Чаркесіі і Кабарды.

Яны сыходзяць, і тут пачынаецца джыхад за вызваленне Краснадарскага і Стаўрапольскага краю ад улады няверных. Ліберальная прэса піша пра жах чаркескага генацыду. У Краснадары і Стаўраполлі, і Маскве выбухаюць смяротнікі. Заходнія партнёры паведамляюць, што яны, канечне, не могуць ціснуць на Маскву, але яны б паставіліся з разуменнем, калі б расійскія ўлады саступілі гэтыя рэгіёны змагарам за свабоду.

У Дагестане ў парламенце даўно перамагла большасць джыхадзістаў, і яны прагаласавалі за выхад са складу РФ. Па шчаслівай выпадковасці, гэтыя ўмераныя мусульманскія актывісты атрымалі каля 40 млн. дал. грантаў ад NED і USAID. Крывавыя каланізатары паспрабавалі было апратэставаць вынікі выбараў, але былі змецены раптоўна ўспыхнуўшым майданам. Ліберальныя СМІ, усе, як адзін, напісалі: «Рукі прэч ад дэмакратычнага выбару Дагестана».

Украіна — даўно ў НАТА, і дэрусіфікацыя Паўднёвага Усходу завершана. Людзі, якія не гавораць па-ўкраінску, пазбаўлены права голасу. У ліберальных СМІ пішуць пра галадамор, як мэтанакіраванае знішчэнне ўкраінцаў, і асуджаюць расійскае перапісванне гісторыі, згодна з якім спрадвечна ўкраінскі горад Адэсу заснавала Кацярына.

У Калмыкіі развіваецца магутны рух за незалежнасць. Яго актывісты атрымалі ад абаронцаў дэмакратыі з USAID 50 млн. дал. Такі ж рух у Інгерманландыі. Актывісты Інгерманландыі абяцаюць, што як толькі Інгерманландыя выйдзе са складу паміраючай Расіі, у ёй будуць еўрапейскія пенсіі, еўрапейскія пашпарты і еўрапейскі ўзровень дабрабыту. Такія ж рухі развіваюцца ў Мардовіі і Удмурціі.

Абарончы джыхад захоплівае Татарстан. На вуліцах усё больш жанчын у нікабах. З'яўляцца без нікаба небяспечна — могуць парэзаць. Актывісткі фемінісцкіх маскоўскіх арганізацый, якія фінансуюцца USAID, праводзяць магутную кампанію на тэму «рукі прэч ад нікаба; нікаб — гэта свабодны выбар». На выбарах у парламент Татарстана ісламісты з трэскам пралятаюць, не набраўшы і двух працэнтаў галасоў, але актывісты аб'яўляюць выбары падробленымі.

Па вуліцах Казані нясецца шматтысячны натоўп моладзі, які змятае ўсё на сваім шляху. NYT піша пра свабодны выбар народа Татарстана. Расійскія НКА і незалежная ліберальная прэса сурова асуджаюць умяшанне ўлад у выбары і вітаюць татарскі Майдан. «Не смейце працівіцца выбару народа» — сцвярджаюць яны.

Мігрантам у Расіі даюць усе тыя ж правы, што грамадзянам, і плацяць дапамогі. У Маскве будуюць 2000‑ную мячэць.

Сама Масква ператвараецца ў горад чацвёртага свету. У ёй заторы, як у Каіры. Любы квадратны сантыметр у цэнтры забудаваны. Вада, з-за разваленых камунальных сетак і шчыльнасці забудовы, не падымаецца вышэй за 4‑ы паверх, напружанне ў сетцы замест 220 — 180 вольт.

На цалкам свабодных выбарах мэра Масквы балатуецца Захран Мамданаеў. Ён абяцае ўсім масквічам бясплатнае сацыяльнае жыллё, бясплатны транспарт і тры тысячы мячэцяў. Ён перамагае на выбарах.

Рэшткі прафесараў, вучоных, і проста разумных людзей, якія яшчэ не з'ехалі з Масквы, бягуць у Санкт-Пецярбург, які становіцца галоўным горадам свабоднай Інгерманландыі.

Але так, поўная дэмакратыя. Поўная свабода прэсы. І абсалютны трыумф людзей добрай волі.

Я, канечне, згушчаю фарбы. Але…»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула