БЕЛ Ł РУС

Аляксандр Лукашук: «Сорамна за Амерыку, балюча за Украіну, шкада Беларусі»

25.10.2025 / 18:47

Аляксандр Лукашук

У Празе адбыўся «Форум 2000», які збірае палітыкаў, навукоўцаў і інтэлектуалаў з усяго свету. У ім удзельнічаў і Аляксандр Лукашук, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода. Ён запісаў для «Нашай Нівы» пачутае на Форуме і ў яго кулуарах.

Дональд Трамп сустракаецца з Уладзімірам Зяленскім у Вашынгтоне, 18 жніўня 2025. AP Photo/Julia Demaree Nikhinson

«Сэікцім», — спявае жанчына; «сэікцім», — падыгрывае мужчына; «сэікцім», — выходзіць у танцы дзяўчына. Тры выканаўцы ў нацыянальных строях, бацька, маці і дачка, адкрываюць «Форум 2000» нумарам, які ў перакладзе з уйгурскай азначае «каханы» ці «каханая».

Вацлаву Гаўлу, які прыдумаў Форум як пляцоўку для дыскусій пра дэмакратыю, такі пачатак спадабаўся бы. Хоць бы таму, што Гавэл разумеўся ў мастацтве кахання і ніколі не прапускаў нагоды закахацца. Любоў увогуле сіла бяссільных, а на ўйгураў сёння цісне мільярдная маса кітайскага сілавога апарату.

Кітаізацыя ўйгураў праводзіцца гэтаксама як праходзіла паланізацыя і русіфікацыя беларусаў — сістэмна, усебакова, бязлітасна. Фальклор становіцца мовай супраціву ў часы, калі сіла права саступае праву сілы. 

Ці такое адкрыццё Форуму — эпіграф да будучых палітычных дыскусій ці эпітафія, адразу і не разбярэш. Хутчэй за ўсё, тое і тое.

На адкрыцці ўручаюць узнагароду Форуму: сёлета яе атрымалі грузінскія пратэстоўцы супраць зманіпуляваных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Перад мной сядзіць Саламэ Зурабішвілі, парыжанка па месцы нараджэння, пятая прэзідэнтка Грузіі, першая жанчына на гэтай пасадзе і апошні кіраўнік краіны, абраны усенародным галасаваннем. Кіроўная прамаскоўская партыя змяніла канстытуцыю, і новага прэзідэнта абралі ўжо дэпутаты парламента. Зурабішвілі з выбарамі не пагадзілася і працягвае лічыць сябе прэзідэнтам.

Чаму яна не памілавала свайго папярэдніка, няўрымслівага Мішу Саакашвілі ці не дапамагла адпусціць яго з турмы на лекаванне — не ведаю.

Як невядома, чаму ўсенародныя выбары прэзідэнта лепшыя за парламенцкія. У Беларусі грамадой абралі такога прэзідэнта, што больш і выбараў ніколі не было. А ў Чэхіі чатыры разы дэпутаты абіралі Вацлава Гаўла, быў прэзідэнт-тэхнакрат, потым экс-камуніст алкаголік, і цяпер вось прынцыповы і разумны генерал Пётр Павэл…

Белы дом падаў апеляцыю

Першы атрымаў узнагароду Форуму пяць гадоў таму мой сябар Карл Гершман, тады прэзідэнт Нацыянальнага фонду дэмакратыі ЗША. Цяпер ён ізноў у Празе, хоць і выйшаў на пенсію, а барацьбу за выжыванне NEDу вядзе яго пераемнік Дэйман Уілсан.

NED стаў беспапяровай арганізацыяй, у кабінеце новага прэзідэнта ніякіх дакументаў. Малады, мабільны, хуткі, ён рэспубліканец, NED заўсёды меў падтрымку дзвюх партый, але не адміністрацыі Трампа. 

Карл расказвае апошнія навіны: юрысты NEDу перамаглі ў судзе, фінансаванне ўхваленае, але ў апошнюю гадзіну — самую апошнюю — Белы дом падаў апеляцыю, і зноў усё ў паветры. Карл, здаецца, уражаны гэтым «амаль», быццам супрацьлеглы бок спахапіўся ў апошні момант, і магло быць іначай. Я думаю, што наадварот — яны заўсёды гатовыя аспрэчыць пройгрыш, і зрабілі гэта ў апошнюю хвіліну, каб панерваваць апанентаў.

«DON'T» вялікімі літарамі

2025 — год вайны адміністрацыі Трампа супраць інфраструктуры замежнай палітыкі ЗША, якая спрыяла дэмакратыі, правам чалавека, свабодзе слова, аказвала шматмільярдную дапамогу гуманітарным праектам ва ўсім свеце. Змоўк «Голас Амерыкі», задыхаецца «Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода», перайшлі на шэпт іншыя медыі нядаўна магутнага замежнага вяшчання Злучаных Штатаў, тысячы звольненых журналістаў.

Але адна навіна ўразіла асабліва: амбасады ЗША спыняюць «выказвацца пра справядлівасць, сумленнасць і легітымнасць выбараў у іншых краінах». Дыпламатаў папярэджваюць «НЕ выкарыстоўвайце эўфемізмаў, каб паспрабаваць абысці гэтае ўказанне».

Гэта цытаты з цыркуляру Дзярждэпартамента, разасланага ва ўсе амбасады ў ліпені 2025. «DON'T» напісана вялікімі літарамі, як у твітах любіць лупіць галоўны камунікатар Злучаных Штатаў. Не суцяшае нават тое, што я не працую ўжо на радыё і не трэба з гэтым мець справу.

Сорамна за Амерыку, балюча за Украіну, шкада Беларусі.

Справа інтэлектуалаў — праўда

— Не веру сваім вачам, 9 вечара, нядзеля, і 60 чалавек прыйшлі паслухаць нашы спрэчкі! — кажа стэнфардскі прафесар Лары Дайманд. Першая дыскусія ў праграме Форуму пачынаецца адразу за цырымоніяй узнагародаў і называецца «Роля інтэлектуалаў у барацьбе за дэмакратыю». Дайманд хіба самае вядомае прафесарскае імя на Форуме і самы глыбокі сучасны даследчык дэмакратыі, паводле яго кніг вучацца студэнты і палітыкі, ён рэдагуе ўплывовы «Journal of Democracy».

Упершыню я слухаў яго выступ роўна чвэрць стагоддзя таму, і дагэтуль памятаю ўражанне ад бліскучай і адначасна няпростай аргументацыі і адчуванне недаступнай мне глыбіні. Тады, у 2000-м, я быў стыпендыятам у Гувераўскім інстытуце ў Каліфорніі, дзе Дайманд працягвае працаваць.

На Форуме яго інтанацыя не мяняецца, як і яго вера ў дэмакратычны працэс. Мне так здаецца, але задаць такое пытанне наўпрост не ўдаецца — панэлісты не паспяваюць парыраваць адзін аднаго, такі плюралізм.

Вось некалькі хуткіх запісаў. Французскі прафесар Нікаля Тэнзэр: «Не думаю, што інтэлектуалам трэба давяраць. Мой дзед-яўрэй казаў, што крымінальнікаў сярод яўрэяў столькі ж, колькі сярод іншых людзей, а гэта значыць мы нармальныя людзі. Інтэлектуалы таксама нармальныя ў гэтым сэнсе. Ліхтэнбэрг лічыў, праўда, што інтэлектуалы — асаблівыя крымінальнікі, бо яны спрабуюць апраўдаць свае злачынствы».

Рэагуе вядоўца Рамін Джаханбеглу, іранска-канадскі палітычны філосаф: «Я думаю, Жан-Поль Сартр і Зігмунд Фройд перавочваюцца ў сваіх магілах».

Тэнзэр — не толькі акадэмічны інтэлектуал, але і ўрадовец, узначальваў дэпартамент стратэгічнага планавання ўрада Францыі.

«Мы перакруцілі і сказілі інтэлектуалізм. Я француз, і калі пачынаць ад Заля, іншых, якія лічылі, што справа інтэлектуалаў — праўда, а значыць, і змаганне за яе. Мы ж бачым, што не ўсе інтэлектуалы хочуць ці могуць альбо маюць смеласць змагацца за свабоду. І трацяць усякі сэнс. Ёсць і пярэваратні-інтэлектуалы. Ноам Чомскі, які салідарызуецца з усімі дыктатарамі ў свеце, Ален Бадзьё, які лічыў, што мільён забітых у Кампучыі лепш, чым магчымы камуністычны рэжым…

Мы як інтэлектуалы павінны займацца вельмі канкрэтнымі рэчамі, напрыклад, вайной супраць Украіны, тым, што творыць Кітай у розных частках свету. Іначай мы не маем ніякага значэння і не граем ніякай ролі».

Рэч не ў Трампе

Сіманіда Кацарска, дырэктарка Інстытыта еўрапейскай палітыкі з Паўночнай Македоніі, кажа, што людзі ў гэтым пакоі вызначылі яе жыццё: «Я нарадзілася ў 1982 годзе і вырасла ў свеце, сфармаваным інтэлектуальнымі дэбатамі ў Еўропе і Амерыцы. Наша разуменне міжнароднага ліберальнага парадку, даверу да яго, да глабалізацыі, мелі вельмі істотны уплыў на наш светапогляд. Мы бралі развітыя заходнія грамадствы за мадэль трансфармацыі, і вельмі трывожна назіраць іх загніванне, прычыны якога называў прафесар Тэнзэр. Ад часу першага прэзідэнцтва Трампа мы назіраем распад гэтай пазіцыі прагрэсіўнага інтэлектуала, хоць рэч не ў Трампе. Гэта прымушае задумацца, як будаваць грамадскую прастору?» 

Праўда стала адноснай

Прафесар Лары Дайманд выступаў апошнім і гаварыў пра ўзаемадносіны інтэлектуала і ўлады:

«Быў час, калі мы гаварылі пра тое, што трэба казаць праўду ўладзе. І менавіта так яшчэ трыццаць гадоў таму вызначалі паняцце «інтэлектуал». Нікаля кажа, што было шмат інтэлектуалаў, якія хлусілі — з прычыны камунізму, з прычыны нацызму. Ёсць нават кніга пад назвай Opium des Intellectuels — у ёй гаворыцца пра тое, як яны падманвалі людзей. Ці, на ваш погляд, сёння выказванне праўды ўладзе ўсё яшчэ мае сілу? Ці ўжо пра гэта нельга гаварыць?

Для мяне — мае. Працуючы ў сферы грамадзянскай адукацыі, я часта вяртаюся да асноўных ідэяў, на якіх першапачаткова грунтавалася адукацыя — праз публічную дыскусію розных пазіцый.

Але цяпер, калі праўда стала адноснай, а адкрытая хлусня — звычайнай з’явай, узнікла дылема: наколькі людзі яшчэ здольныя ўдзельнічаць у сапраўднай дыскусіі адзін з адным? У выніку большасць Еўропы, Амерыка, дзе я жыву, апынулася ў інфармацыйных «вежах». У гэтых ізаляваных прасторах пэўныя версіі гісторыі і пэўныя асобы занялі ўсё поле — прысабечылі ідэі і перакруцілі факты, што прывяло да вялікіх праблем.

І вось узнікае пытанне: ці трэба ўступаць у такія дыскусіі, калі гэтым нібыта легітымізуеш тых, хто распаўсюджвае хлусню? Ці лепш проста адысці і пакінуць ім поле для дзейнасці? На жаль, з-за ветлівасці і, можа, нават сораму перад самім паняццем «міжнародны ліберальны парадак», мы часта пакінулі занадта шмат публічнай прасторы для тых, хто яе не заслугоўвае.

Таму, напрыклад, я стараюся ўдзельнічаць у публічных дэбатах настолькі, наколькі магу, нават калі гэта здаецца марным і нясе рызыку ісці па вельмі тонкай мяжы.

Дык вяртаючыся да вашага пытання — так, казаць праўду ўладзе варта. Бо, на маю думку, гэта адзіны шлях, якім мы можам рухацца наперад».

У гэтым адказе мяне дзівіць больш за ўсё само пытанне. Ці варта ў дыскусіі інтэлектуалаў задаваць рытарычныя пытанні? Ці рэч тут у нечым іншым, нейкай іншай мэце, і мы прысутнічаем не на дыскусіі, а на абмене мантрамі, патрэбнымі ня столькі аўдыторыі, колькі самім удзельнікам? Калі паглядзець, дык цемра навокал, бадай, самая густая ад пачатку трэцяга тысячагоддзя, і святлу праўды не толькі цяжка прабіцца, яно губляецца ў мірыядзе іншых ілюмінацый…

Не Лукашэнка вінаваты?

Сярод інтэлектуалаў на Форуме былі і тыя, хто падпісваў петыцыю за вызваленне з турмы беларускага палітвязня філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Пасля вызвалення Мацкевіч быў бязлітасны што да ўрокаў паўстання 2020 году: «Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі, якія перамаглі, бо яны ворагі. Вінаватыя мы, што не змаглі перамагчы сваіх ворагаў. І толькі мы. І я ў тым ліку».

Філосаф Уладзімір Мацкевіч пасля вызвалення. Фота LookByMedia

Што б на гэта сказалі ўдзельнікі нашай панэльнай дыскусіі? Якое месца ў інтэлектуальным аналізе займае маральная адказнасць, ці з'яўляецца яна аргумэнтам у палітычным дыскурсе? Ці панэлісты аднеслі б высновы Мацкевіча да тэорыі віктымнасці, дзе заўсёды вінаватая ахвяра згвалтавання, бо апранула закароткую спадніцу, вінаваты сам абкрадзены, бо не паставіў на сігналізыцыю?.. Прывялі б прыклады з гісторыі — ці вінаватая Польшча ці Бельгія, што яе акупавалі гітлераўцы? Яўрэі, што не спынілі Халакост, чачэнцы і крымскія татары, што Сталін выкінуў іх з радзімы? Пабачылі б у заяве ахвярнасць і самакрытычнасць ці сябелюбства і ганарлівасць?

Спадзяюся, Уладзімір Мацкевіч зможа сам падыскутаваць на наступным Форуме, прынамсі, такую прапанову я паслаў арганізатарам.

Нам трэба цярпенне, асцярожнасць і разуменне геапалітычных абмежаванняў

Зараз узгадаў, што я ж быў на адкрыцці першага Форуму, ў 1997 годзе — проста тады не было яшчэ смартфонаў з фотакамерамі. Цырымонія праходзіла ў самым прыгожым і прэстыжным месцы Рэспублікі Чэхіі — Іспанскай зале замка Градчаны, дзе месціцца рэзідэнцыя прэзідэнта. Госці былі з усяго свету, адкрываў прэзідэнт Гавэл. Перад пачаткам я пабачыў Генры Кісінджэра, былога дзяржсакратара ЗША, архітэктара міру на думку Нобелеўскага камітэта і міжнароднага злачынцы на думку некаторых крытыкаў. Кісінджэр сядзеў у крэсле на колцах, яго абступаў натоўп цікаўных, а ён нешта павольна, з задышкай расказваў. Я хацеў спытаць, што ён думае пра будучыню Беларусі, бо тады ў Беларусі яшчэ была будучыня, але было няёмка перабіваць і ні з пушчы ні з поля задаваць сваё пытанне. Ёсць ў такіх спробах нешта правінцыйнае, нейкі комплекс непаўнавартасці.

Прабачце, не ўстрымаўся і папрасіў ChatGPT адказаць на маё незададзенае пытанне за Генры Кісінджэра:

«Беларусь — гэта краіна, якая апынулася на скрыжаванні гісторыі і геаграфіі. Яе трагедыя і яе патэнцыял заключаюцца ў тым, што яна стаіць паміж двума цывілізацыйнымі полюсамі — Расеяй і Захадам. У мінулым Беларусь шукала бяспеку ў падпарадкаванні, а цяпер шукае годнасць у незалежнасці. Але ні тое, ні другое не дае ёй стабільнасці.

Захад часта ўспрымае беларускі пытанне як маральны выклік — як барацьбу дабра і зла. Але палітыка не павінна быць маральнай метафізікай. Яна павінна быць мастацтвам магчымасці. Беларусь зможа рухацца да дэмакратыі толькі тады, калі гэты рух не будзе ўспрыняты як пагроза для рэгіянальнага балансу сіл. Гэта патрабуе не гучных лозунгаў, а цярпення, асцярожнасці і разумення геапалітычных абмежаванняў.

У доўгатэрміновай перспектыве дэмакратыя ў Беларусі магчымая. Але яна не прыйдзе праз імпарт мадэляў з-за мяжы, а праз фармаванне нацыянальнай свядомасці, якая навучылася б спалучаць жаданне свабоды з пачуццем адказнасці. Рэальнасць жорсткая: аўтарытарызм можа часова душыць грамадства, але не здольны кантраляваць эвалюцыю ідэй. І таму, калі Захад будзе дзейнічаць кіруючыся не эмоцыямі, а розумам — Беларусь усё ж знойдзе свой шлях».

«Беларусь стане дэмакратычнай тады»

Папрасіў штучны інтэлект сказаць гэта адным сказам і атрымаў амаль мантру: «Беларусь стане дэмакратычнай толькі тады, калі гэта супадзе з новай архітэктурай бяспекі ў Еўропе».

Вось чаму вайна за Украіну гэта вайна за Беларусь. Але і партызанскую вайну ніхто не адмяняў.

Павел Шурмей, адзін з кіраўнікоў Палка Каліноўскага, у якім беларусы ваююць за Украіну. Фота: Наша Ніва

Разбуральны актар на сусветнай сцэне

Самую зорную каманду панэлістаў сабрала дыскусія пад назвай «Разбуральны актар на сусветнай сцэне: будучыня адносінаў з Расеяй». Удзельнікі — прэзідэнт Чэхіі Пётр Павэл, прэзідэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі, прафесар Лары Дайманд і былы міністр абароны, замежных справаў, лічбавай трансфармацыі, кібербяспекі, адміністратыўных справаў і старшыня нацыянальнай камісіі бяспекі Японіі Тара Кона. Забыўся назваць яшчэ адну пасаду, якую займаў Кона — міністр правядзення вакцынацыі супраць ковіду-19. Не ведаеш, чаму больш дзівіцца — арганізацыі японскай ўлады ці талентам яе выканаўцаў.

Найбольшую зайздрасць на Форуме ў мяне выклікала мадэратарка дыскусіі пра Расею Весна Пусіч. Былая міністарка замежных справаў Харватыі выконвала сваю ролю як дырыжорка, якая дасканала ведае музыкантаў, і адначасна як кампазітарка, якая стварае партытуру. Гадзіну поўная зала не варухнулася. Я тры дзесяцігоддзі прыкладна раз на тыдзень сам удзельнічаў у дыскусіях, праводзіў круглыя сталы, вёў прэзентацыі, даваў і браў інтэрв’ю, бачыў розныя стылі, ступень падрыхтоўкі, аўдыторыю — і тут было толькі адно адчуванне: асалода.

Дзіця выносяць з разбомбленага садка ў Харкаве, 22 кастрычніка 2025. Фота Ukrainian Emergency Service via AP 

Розная хуткасць часу ва Украіне і Еўрасаюзе

Траціна дыскусій на Форуме тычылася Украіны. Але найбольш запомніліся не ацэнкі Расеі, пуцінскага маніякальнага цынізму, ваеннага варварства і прапагандысцкага паскудства, бо што такое словы на фоне штодзённых і штоночных забойстваў. Александр Карніенка, першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны, гаварыў пра тое, што хвалюе ўкраінцаў больш за ўсё — пра час. Дакладней, пра яго розную хуткасць ва Украіне і Еўрасаюзе і як гэтая хуткасць уплывае на надзеі ўкраінцаў на перамогу, на ўступленне ў ЕС, на вяртанне дадому мільёнаў эмігрантаў, на зялёную энергетыку, на чаканне зімы з тэмпературамі ніжэйшымі за мінус 20, на бяспеку ў еўрапейскіх сталіцах, дзе ў дзіцячых садках не вучаць, як бегчы ў бомбасховішча. Пакуль не вучаць.

Ангельская мова

«Узмацняючы дэмакратычныя сувязі ў разасобленым свеце» — прыкладна так перакладаецца галоўная тэма Форуму. Я заўважыў, што ўжо не дзіўлюся добрай, нават выдатнай ангельскай мове ўдзельнікаў з Беларусі. Гэта стала нормай. Сувязі з дэмакратыямі бяз ведання ангельскай не надта ўзмацніш. Без перакладчыкаў на Форуме выступалі прэзідэнты Чэхіі і Грузіі, былыя прэм'еры і міністры з краінаў Еўрасаюза, спікеры парламентаў. Хоць зараз узгадваю — сам Гавэл не надта свабодна гаварыў па-ангельску.

Беларусь: тэхналогія для дэмакратыі

Толькі адна панэль сёлета была чыста беларуская і называлася прывабна: «Беларусь: тэхналогія для дэмакратыі». Павел Лібер, Дар'я Мінскіх, Арцём Канцавы выступалі талкова, упэўнена, сапраўды было што расказаць і паказаць. Я спытаўся пра бяспеку ў інтэрнэце, як так выйшла, што пяць гадоў таму дэмакратычная апазіцыя цалкам дамінавала ў інфармацыйных тэхналогіях, а цяпер КДБ змог устанавіць татальны электронны кантроль у краіне і стаў небяспечным ворагам для беларусаў замежжа. Мы сталі горшымі ці яны сталі лепшымі? Беларусь сама выгадавала інфармацыйных карнікаў, айцішнікі з дваровых чатаў перамесціліся ў абслугу дыктатуры? Ці завезлі спяцоў і тэхніку з усходу, блізкага і далёкага? З адказаў вынікала, што і тое, і тое.

«Гэта ўсё гэбэ»

Сустрэў на Форуме даўняга знаёмага, аднаго з беларускіх апазіцыйных актывістаў папярэдніх дзесяцігоддзяў, расказаў аб прыемным уражанні ад панэлі з беларускімі ўдзельнікамі. «Гэта ўсё гэбэ», — адмахнуўся той. Нікога з выступоўцаў ён не ведае, але, аказваецца, ведае ўсё пра іх. Пабачыўшы мой выраз твару, патлумачыў: «Ну ты ж ведаеш, як да ўсіх іх стаўлюся». Самога яго выступаць даўно ўжо не запрашаюць. Можа таму, што ў чорна-белым свеце дамінантай становіцца шэры.

Стаўшы на калені, сабе не завяжаш

Прэзідэнт Пётр Павел кажа пра сваю краіну нечакана сціпла для прэзідэнта-генерала: «Мы малая краіна і нават не рэгіянальная супердзяржава». Але роля Чэхіі ў дапамозе беларускай дэмакратыі ад Гаўла да Паўла куды большая за яе вагу ў Еўрапейскім саюзе. Гэта тычыцца і ролі Чэхіі ў дапамозе Украіне.

Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел. Фота AP Photo/Darko Bandic

А вось кіраўнік суседняй, удвая меншай краіны, здабывае міжнародную вагу ўвагай да іншай сілы. Славацкі прэм'ер Роберт Фіца нядаўна заявіў: «Рускія становяцца на калені толькі, каб завязаць шнуркі».

Мяне пацешыў камент пісьменніка Дзмітрыя Быкава: перад кім становяцца і каму будуць завязваць? Бо стаўшы на калені, сабе не завяжаш…

Бязглуздзіца, якая прыкідваецца інфармацыяй

З 22 прэзідэнтаў ЗША за апошнія 125 год толькі адзін, Кенэдзі, меў трохскладовае прозвішча. Рэшта — адзін ці два склады, генэрал Эйзэнхаўэр ішоў на выбары пад сямейнай мянушкай «Айк»: «I like Ike». Таксама гэта прыклад бязглуздзіцы, якая прыкідваецца інфармацыяй. Падумалася так пасля некаторых выступаў на Форуме.

Выбух святла

Мог, але ніколі не рабіў інтэрв'ю з яшчэ адным неадменным удзельнікам Форуму — цяперашнім Далай-Ламам. Хоць правілы арфаграфіі патрабуюць такога напісання, правільней было б пісаць з малых літараў абодва словы, бо гэта тытул, а не імя. Але для мяне лагодны тыбецец Тэндзін Г'ямцхо, які 88 са сваіх 90 год жыве ў эміграцыі, увесь толькі з вялікіх літараў. Я зайздрошчу Святлане Алексіевіч — не яе сусветнаму трыумфу, а аднаму поціску рук. Святлана сустракалася з Далай-ламам у Вашынгтоне, на здымку два Нобелеўскія лаўрэаты трымаюць адзін аднога за рукі і вакол выбух святла. Колькі разоў я бачыў яго на Форуме, столькі нават не тое што не пытаўся нічога, а нават не надта слухаў — дастаткова было глядзець, проста быць у адным пакоі, каб адчуць пасланне і зразумець сэнс.

Alexander, Alaksandar, Aljaksandar, Aljaksandr, Alaksandr, Aleksandr

На сайце Форуму ў англамоўнай Вікіпедыі ёсць спіс ганаровых удзельнікаў розных часоў, там прэзідэнты, сусветнавядомыя палітыкі, лаўрэаты, дысідэнты, сярод іх і адзіны беларус Аляксандр Мілінкевіч. Але гэта таксама адзінае імя, якое вылучана чырвоным, бо спасылка не адкрываецца. Праблема ў правапісе: на Alyaksandar Milinkevich ў сеціве пустата, зато поўна публікацый на Milinkevič і Milinkievič, з выбарам імя на любы густ: Alexander, Alaksandar, Aljaksandar, Aljaksandr, Alaksandr, Aleksandr. Нават у Лукашэнкі менш варыянтаў.

Плюралізм па-беларуску самы плюралістычны ў свеце.

Бяляцкі будзе

«Сутыкаючыся з перашкодамі: шляхі наперад» — так трохі каструбавата называецца заключная дыскусія на Форуме. Галоўная ўдзельніца — сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Марыя Карына Мачада. Яна ў падполлі, дыктатар Венесуэлы ў шаленстве шукае пераможцу парламенцкіх выбараў, а ў Празе яна на поўным экране, якасць сувязі выдатная. Твар светлы, усміхаецца, глядзіць проста ў камеру. Я слухаю яе поўныя аптымізму і сілы словы, і бачу нашага Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Ён абавязкова будзе рэпрэзентаваць Беларусь на Форуме. Ён ужо рэпрэзентуе.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула