БЕЛ Ł РУС

Што за серыял «Бар «Адзін званок», які масава шукаюць беларусы?

4.11.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Пасля пачатку вайны з гэтага расійскага серыяла выразалі аднаго з акцёраў.

Фота: кадр з трэйлера

Калі некалькі дзён таму ў краіне знік доступ да «Укантакце», аказалася, што самымі папулярнымі запытамі ў беларускім гугле ў той дзень была інфармацыя аб прычынах збою, а таксама адзін расійскі серыял. Пра што гэты «Бар «Адзін званок»?

Серыял знялі яшчэ ў 2023 годзе, але выйшаў ён толькі ў кастрычніку 2025-га. Праз цэнзуру праект праляжаў два гады на паліцы. У пачатку поўнамаштабнай вайны шоўранер серыяла Даніла Казлоўскі напісаў антываенны пост. Праекты з артыстам паставілі на паўзу, але пазней той пост быў выдалены, а самога Казлоўскага выкраслілі з чорных спісаў. Для справядлівасці адзначым, што ніякіх публічных пакаянняў ці выступаў у Марыўпалі для гэтага не спатрэбілася.

Але ж памілавалі не ўсіх. Акцёр Максім Вітарган сыграў невялікую ролю ў праекце. Аднак знешнасць і голас Вітаргана, які таксама выступіў супраць вайны, памянялі з дапамогай штучнага інтэлекту, яго імя прыбралі з тытраў. Новыя тэхналогіі ўзбагачаюць цэнзуру.

Дык што гэта за бар?

Ён не мае адраса, простаму чалавеку туды нельга пазваніць. Гэты бар сам вас знойдзе, калі ў вас нехта памёр. Смяшлівы бармен унутры (яго грае Казлоўскі) бясплатна налівае алкаголь і ці то спрабуе разгаварыць, ці то ўгаворвае сыграць у барную гульню.

Фота: кадр з трэйлера

Паводле яе правілаў, вы атрымліваеце хвіліну на тое, каб пагаварыць з памерлым чалавекам на ваш выбар. Але ж адказу не пачуеце — замест гэтага будуць лічбы на дыску тэлефона, і бармен-Казлоўскі будзе іх вам хутка перакладаць у словы. Калі хвіліна скончылася, трэба плаціць па рахунку. Для гэтага трэба згуляць раўнд у рускую рулетку.

Выжылі? Можна званіць яшчэ, вось толькі куляў у барабане рэвальвера будзе ўжо дзве, і гэтак далей. Далёка не ўсе могуць спыніцца на адным званку — калі пачаў раскалупваць свае раны і хапацца за мінулае, гэта зацягвае.

Фота: кадр з трэйлера

Выглядае, стваральнікі «Бара» натхняліся японскім анімэ з падобным сюжэтам. Гаворка пра трылер Death Parade 2015 года. Там таксама існаваў пракляты бар, вось толькі прыходзілі ў яго не жывыя людзі, а самі нябожчыкі. Ім у бары ладзілі гульні і па іх выніку высвятлялі, куды пойдзе душа — у рай ці пекла.

Цікава, што цэнзура прапусціла ў серыяле відавочна палітычны жарт. Калі адзін з кліентаў бара тэлефануе адміралу Калчаку, той пытаецца, ці адрадзілася ў Расіі манархія. Суразмоўца адказвае: маўляў, можна і так сказаць.

Бармену ў працы дапамагае падлетак Віця. Некалі ён скарыстаўся паслугамі бара, але не пажадаў плаціць, і яму дазволілі застацца ў бары — зрэшты, працоўныя рукі лішнімі не бываюць. Але ж у Віці «на волі» застаўся бацька, пануры следчы Марозаў, і з цягам часу ён выходзіць на след бара.

Фота: кадр з трэйлера

Сярод усіх прадуктаў, якія прапусціла расійская цэнзура, «Бар «Адзін званок» — далёка не горшы варыянт. На IMDb серыял мае адзнаку 7,4 з 10.

Тут ёсць шмат загадак. Ці здолее Марозаў знайсці бар? Ці атрымаецца ў кагосьці з кліентаў уратавацца ад аплаты па рахунку? Што за гісторыя ў бармена? І зрэшты, каму належыць сам бар? 

Ёсць у серыяле і свая філасофія. Людзі, якія прыходзяць у бар і гінуць там, захраслі ў мінулым — настолькі, каб за хвіліну гутаркі, якой часта і не хапае, рызыкаваць усёй сваёй будучыняй. У звычайным жыцці, вядома, за прыступы віны ці настальгіі не даводзіцца плаціць раўндамі рускай рулеткі, але бяспечнай гэтая справа ўсё роўна не робіцца.

Чытайце таксама:

Новы фільм з Ды Капрыа ідзе амаль тры гадзіны, а сцэнар да яго пісаўся 20 гадоў. Ці варта глядзець?

10 еўрапейскіх фільмаў, якія пакажуць на кінафестывалі

«Непаслухмяныя» (Wayward) — страшны серыял пра школу, ад якога не адарвацца

Каментары да артыкула