БЕЛ Ł РУС

«Гэта — прэлюдыя вайны». Былая міністарка абароны Літвы пра прылёты паветраных шароў з Беларусі

28.10.2025 / 10:11

Nashaniva.com

Дэпутатка Еўрапарламента, былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне ў гутарцы на «Свабодзе» патлумачыла, чаму Вільня лічыць, што налёты паветраных шароў з Беларусі інспіруюцца рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, і якую шкоду закрыццё мяжы нанясе беларускім уладам.

На пытанне, ці мае Літва дакладныя доказы, што налёты паветраных шароў інспіраваныя беларускімі ўладамі, Юкнявічэне нагадала, што Аляксандр Лукашэнка ўжо выкарыстоўваў мігрантаў як зброю супраць Літвы, Латвіі і Польшчы.

Паводле яе гэта ж адбываецца і цяпер. На яе думку кантрабандысты не могуць дзейнічаць самастойна ў такім масавым маштабе, асабліва з улікам таго, што беларускую мяжу шчыльна ахоўваюць не толькі беларускія сілы, але і расійскія.

Былая міністарка абароны ва ўрадзе кансерватараў знаходзіцца ў апазіцыі да дзейнага ўраду. Яна адзначыла, што раней урад казаў, што налёты паветраных шароў з Беларусі — гэта толькі кантрабанда. Аднак цяпер, паводле Юкнявічэне, і дзейны ўрад прызнаў, што гэта частка гібрыднай вайны.

Наконт датычнасці Расіі да гэтых налётаў былая міністарка абароны Літвы не мае сумневаў: «Расія ўвесь час ні пры чым, яна была ні пры чым у Крыме, яна была ні пры чым у Данбасе. Няма ніякіх сумневаў, што Лукашэнка сам па сабе такія аперацыі не ўчыняе. Ён — толькі проксі Расіі. Забудзьце пра суверэнную дзяржаву Беларусь побач з намі, няма яе. Ёсць толькі інструмент Крамля. Толькі Лукашэнка, напэўна думае, што ён — прэзідэнт нейкай самастойнай дзяржавы».

На заўвагу, што, магчыма, акрамя Лукашэнкі гэтак жа думае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, якія яму тэлефануе, Юкнявічэне заявіла, што амерыканскія і некаторыя іншыя палітыкі робяць адну і тую ж памылку — спадзяюцца адарваць Лукашэнку ад Пуціна.

«Не будзе гэтага. Як і не ўвянчаюцца поспехам перамовы з Пуціным наконт Украіны. Дыктатараў толькі сілай можна прымусіць змяніць свой курс. Або проста трэба іх перамагчы. Іншага выйсця няма. Вось таму і меры наконт гэтых паветраных шароў павінны быць вельмі жорсткія. Вайна ёсць вайна» — мяркуе літоўскі палітык.

Якую шкоду рэжыму Лукашэнкі наносіць закрыццё мяжы з Літвой? Здаецца, гэта больш закране інтарэсы звычайных беларусаў, якія не змогуць ездзіць у Літву.

Юкнявічэне адказала: «Мне шкада беларусаў, якія не змогуць патрапіць у Літву. Думаю, што з 2020 года ў Беларусі не дадалося людзей, якія любяць Лукашэнку. Але нічога не зробіш. Як я сказала, вайна ёсць вайна. Праз адкрытыя межы да нас едзе шмат агентаў, шмат тых, хто ўяўляе пагрозу для нашай бяспекі».

На думку былой літоўскай міністаркі абароны, не толькі Літва, але і ЕС, і NATO павінны разумець, што знаходзяцца ў стане вайны.

«Гэта неканвенцыйная вайна, яна не такая, як зараз ва Украіне. Але Крэмль з дапамогай Лукашэнкі тэстуе нас, ён дзейнічае на мяжы 5‑га артыкула статута NATO, але не пераходзячы чырвонай лініі. Але на ўзроўні 4‑га артыкула статута NATO мы ўжо знаходзімся. Трэба прымаць захады, каб абараніцца, і не дапусціць сітуацыі, калі будзе ўжо позна» — сказала дэпутатка Еўрапарламенту, былая міністарка абароны Літвы Раса Юкнявічэне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула