БЕЛ Ł РУС

Дарадца прэм’ера Літвы: Пункт «Салечнікі — Беняконі» для перавозчыкаў могуць адкрыць на гэтым тыдні

6.11.2025 / 14:41

Nashaniva.com

Пасля таго як у Беларусі захраслі каля пяці тысяч літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, а Мінск забараніў іх перамяшчэнне па краіне, дарадца прэм’ер-міністра Інгі Ругінене заявіў, што часова закрыты пункт пропуску «Салечнікі» (з беларускага боку «Беняконі») можа быць адкрыты для перавозчыкаў ужо на гэтым тыдні, паведамляе LRT.

«Ствараецца так званы санітарны калідор, каб грузавікі, зарэгістраваныя ў Літве і Еўрапейскім Саюзе, маглі вярнуцца ў краіну. Як вядома, Беларусь устанавіла парадак, паводле якога яны могуць вяртацца толькі праз той памежны пункт, праз які ўехалі. Менавіта ў гэтым і заключаецца складанасць сітуацыі», — сказаў дарадца прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас.

«Дасягнута дамоўленасць, што будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб зрабіць гэта як мага хутчэй. Спадзяёмся, што ўжо на гэтым тыдні, бо хочацца, каб нашы грузавікі як мага хутчэй вярнуліся дадому», — дадаў ён.

Міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч таксама заявіў у чацвер у эфіры «Žinių radijas», што вядуцца намаганні адкрыць часова закрыты пункт пропуску «Салечнікі», каля якога, паводле яго слоў, з боку Беларусі чакаюць каля 500 транспартных сродкаў.

Прэм’ер-міністр у Літвы ў сераду адзначыла, што Літва звернецца да Мінска з просьбай дазволіць грузавікам вярнуцца, а Кандратовіч згадаў і пра планы павялічыць прапускную здольнасць часткова функцыянуючага пункта «Меднікі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула