БЕЛ Ł РУС

За падпіску на каналы трэш-блогера Мэлстроя цяпер будуць караць

6.11.2025 / 16:25

Nashaniva.com

Па ініцыятыве ГУБАЗіК МУС суд Цэнтральнага раёна Мінска 4 лістапада 2025 года прызнаў усе каналы Mellstroy на розных платформах, а таксама яго лагатып і вадзяныя знакі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Андрэй Бурым (Mellstroy)

Сілавікі паведамілі, што ў кастрычніку на тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваныя выпадкі хуліганства, парушэнняў грамадскага парадку і незаконных масавых мерапрыемстваў.

Яны лічаць, што да арганізацыі гэтых дзеянняў можа быць датычны грамадзянін Беларусі Андрэй Бурым, вядомы як блогер Mellstroy, які цяпер знаходзіцца за мяжой. МУС сцвярджае, ён праз інтэрнэт заклікаў людзей удзельнічаць у розных «конкурсах», дзе патрабаваліся супрацьпраўныя дзеянні, а вынікі публікаваліся ў сетках за ўзнагароду.

Такія дзеянні, як адзначаецца, трапляюць пад дзеянне закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». МУС папярэдзіла пра адказнасць за распаўсюджанне інфармацыі і ўдзел у любых акцыях пад эгідай Мэлстроя.

Андрэй Бурым (Mellstroy) родам з Гомеля. Яму 26 гадоў. Ён стаў вядомы дзякуючы сваім трэш-стрымам. Падчас аднаго з іх у 2020 годзе ён збіў дзяўчыну. Пасля гэтага на Бурыма была заведзена крымінальная справа. У выніку ён атрымаў паўгода выпраўленчых работ і штраф.

Mellstroy у цэлым рэгулярна трапляе ў скандальныя навіны, даючы сваім гледачам вар'яцкія заданні і абяцаючы шчодрыя выплаты за іх выкананне. Тым не менш, гэтыя абяцанні не заўсёды выконваюцца.

Чытайце таксама:

Мінчука пасадзілі на 10 сутак за тое, што паўдзельнічаў у конкурсе трэш-блогера Mellstroy

У цэнтры Мінска затрымалі голага бегуна, які ўдзельнічаў у трэш-чэленджы Мелстроя

Сілавікі масава затрымліваюць удзельнікаў конкурсу гомельскага трэш-блогера

Каментары да артыкула