БЕЛ Ł РУС

Нарвегія можа стаць гарантам еўрапейскага крэдыту Украіне, вылучыўшы на гэта частку свайго Суверэннага фонду

9.11.2025 / 14:59

Nashaniva.com

Нарвегія можа выкарыстаць частку свайго гіганцкага нацыянальнага фонду для забеспячэння вялікага еўрапейскага крэдыту Украіне. Гэта можа зняць перашкоды для выкарыстання замарожаных расійскіх грошай.

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага і прэм'ер-міністра Нарвегіі Ёнаса Гар Сторэ ў Кіеве ў чацвер, 24 жніўня 2023 года. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

Нарвегія абмяркоўвае прапанову, якая дазволіць Еўрапейскаму саюзу прыцягнуць крэдыт для Украіны ў памеры больш за 100 мільярдаў еўра. Асновай для забеспячэння гэтага доўгу можа стаць частка нарвежскага нацыянальнага Суверэннага фонду дабрабыту, найбуйнейшага ў свеце — ён складае €1,7 трыльёна, піша The Times.

Кіеў адчайна мае патрэбу ў фінансаванні. Кіраўніцтва ЕС раней распрацавала план пазычыць140 мільярдаў еўра пад замарожаныя расійскія дзяржаўныя актывы. Аднак гэтая схема сутыкнулася з пазіцыяй Бельгіі. Менавіта ў Бруселі знаходзіцца міжнародны дэпазітарый Euroclear, дзе захоўваецца значная частка сродкаў. Бельгія асцерагаецца наступстваў і патрабуе ад краін ЕС падзяліць з ёю палітычныя і фінансавыя рызыкі.

Каб ЕС мог прыцягнуць такую буйную пазыку, неабходна істотнае забеспячэнне на выпадак, калі Украіна будзе не ў стане пагасіць гэтыя сродкі.

Ідэя выкарыстаць Нарвежскі суверэнны фонд дабрабыту ў якасці гаранта набыла папулярнасць пасля таго, як Данія і іншыя еўрапейскія партнёры выказалі меркаванне, што Нарвегія, якая не ўваходзіць у ЕС, «нажываецца на вайне», прадаючы вялікія аб'ёмы нафты і газу, але аказвае адносна невялікую дапамогу.

Нарвежскія эканамісты Хавард Халанд і Кнут Антон Морк прапанавалі, каб краіна кампенсавала гэта, прадаставіўшы частку свайго фонду ў якасці гарантыі.

Ідэя знайшла падтрымку ў нарвежскім парламенце, дзе яе ўхвалілі ўжо чатыры з дзевяці палітычных партый.

Прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ заявіў, што ён адкрыты для гэтай прапановы і даручыў падрыхтаваць адпаведны аналіз. Аднак ён адзначыў, што чакае вызначанага сігналу аб зацікаўленасці з боку ЕС.

«Гэтыя дыскусіі ў ЕС яшчэ не завершаны, таму я не буду казаць нічога больш, акрамя таго, што мы знаходзімся ў цесным кантакце з імі», — сказаў Сторэ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула