Памятаеце кватэры, за прагляд якіх бралі па 7000 рублёў? Стала вядома, за колькі іх купілі
Цэны на кватэры ў мінскім элітным ЖК «Паўночны бераг» агучвалі толькі пасля ўнясення зваротнага дэпазіту.
Квартал «Паўночны бераг». Фота: realt.onliner.by
Кватэры з відам на вадаём
У базе здзелак з нерухомасцю з’явіліся звесткі пра продаж чатырох кватэр у доме нумар 88 на вуліцы Віталя Цвіркі, што ў элітным ЖК «Паўночны бераг», заўважыў тэлеграм-канал «Будні рыэлтара. Мінск». Гэта той дом, дзе за прагляд апартаментаў бралі па 7000 рублёў задатку.
Самая танная і самая меншая з прададзеных кватэр мае плошчу 62,3 квадратнага метра. Як купілі амаль за 319 тысяч даляраў — гэта па 5118 даляраў за квадратны метр.
Скрыншот: тэлеграм-канала «Будні рыэлтара. Мінск»
Кватэра плошчай 79 квадратных метраў стала самай дарагой — яе прадаюць за 450 тысяч даляраў, што складае 5692 даляры за квадратны метр.
Што там такога, што квадрат каштуе больш за 5 тысяч даляраў?
Забудоўшчык называе «Паўночны бераг» прынцыпова новым поглядам на жылы комплекс у сэрцы сталіцы, размешчаны на беразе ракі і акружаны прыродай.
Дом Lake Views, у якім прадалі мінімум чатыры кватэры, адносяць да катэгорыі ультрапрэміум, а самі кватэры называюць калекцыйнымі. Знаходзіцца ён на першай берагавой лініі Цнянскага вадасховішча.
Агулам па планах забудоўшчыка ў квартале будзе пражываць да 130 тысяч чалавек.
Ці гэта самае дарагое жытло ў Мінску?
Нягледзячы на высокі кошт квадратнага метра, у сталіцы ёсць і больш дарагая нерухомасць. Так, напрыклад, у квартале «Дэпо» каля плошчы Перамогі ёсць кватэры і па 6700 даляраў за квадрат.
Што да сярэдняй цаны на квадрат, то гэта 1942 даляры па прапановах.