БЕЛ Ł РУС

Ксёндз у Беняконях трымае 300 індыкоў, кур і перапёлак

12.11.2025 / 13:39

Nashaniva.com

«Гэта нармальная практыка — прыйсці да ксяндза па яйкі ці мяса. Цяпер вось рыхтую на ўбой бройлерных індыкоў».

Ксёндз Станіслаў Лабан. Фота: grodnensis.by

Ксёндз канонік Станіслаў Лабан, пробашч велічнага касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях, ужо амаль 25 гадоў спалучае служэнне ў парафіі з утрыманнем вялізарнай гаспадаркі. Але ён падкрэслівае, што на першым месцы ў яго заўсёды застаецца парафія і штодзённае служэнне, піша grodnensis.by.

Ксёндз Станіслаў — з вясковай сям’і. Яго бацькі мелі вялікую гаспадарку, працавалі ў калгасах — трэба было ім дапамагаць. «Напэўна, адтуль і пайшла любоў да жывёл, — распавядае ксёндз Станіслаў. — Трымаў я і птушак малых, і акварыумы розныя былі».

У Беняконі святар прыехаў адразу пасля заканчэння духоўнай семінарыі, амаль 25 гадоў таму. Распачаў служэнне ў мясцовым касцёле імя св. Яна Хрысціцеля, збудаваным у пачатку ХХ стагоддзя, які заўсёды прыцягваў турыстаў. Вялікай была і тэрыторыя, якая належала парафіі. Таму ксёндз вырашыў яе неяк добраўпарадкаваць. 

«Парафіяне дапамаглі збудаваць вальеры, хлявы — былі свінкі, авечкі, козачкі. Вырылі возера — завялі гусей, качак, лебедзяў, запусцілі рыбу, — гаворыць ксёндз Станіслаў.

У тыя часы на тэрыторыі паўстаў вялікі заапарк: 8‑10 відаў фазанаў, 5 відаў паўлінаў, страусы, перапёлкі. Каб назбіраць гэткую разнастайнасць, ён аб’ездзіў усю Беларусь, шукаў за мяжой. «Меў такіх дэкаратыўных птушак, якіх раней у нашай краіне ніколі не было» — кажа ён. 

Святар згадвае, што «на тыдзень фазанам даваў 2‑3 мяхі зерня, страусам — кожны дзень па вядры аўса». «Вельмі шмат людзей прыязджалі паглядзець на заапарк. Мясцовыя дзеці заўсёды тут бавілі час», — дзеліцца ўспамінамі ксёндз Станіслаў.

Але з узростам стала няпроста трымаць столькі галоў жывёлы. «У адзін дзень я вырашыў ліквідаваць усё. Выставіў аб’явы з таннымі коштамі і распрадаў гаспадарку за тры дні. Людзі прыязджалі з Магілёва, Брэста, Віцебска», — распавядае святар.

Сёння ксёндз Станіслаў разводзіць толькі свойскіх птушак: кур-нясушак, бройлераў, перапёлак, індыкоў.

«У мяне трыста розных асобін, — дадае святар. — Гэта нармальная практыка — прыйсці да ксяндза па яйкі ці мяса. Зараз вось рыхтую на ўбой бройлерных індыкоў».

Сам ксёндз Станіслаў прызнаецца, што ён ужывае толькі натуральныя прадукты. Мае вялікі агарод. У магазіне амаль нічога не купляе. Рыбу ловіць ці набывае толькі рачную.

Трымае таксама сабак, трусоў, пчол. Турысты, якія прыязджаюць паглядзець мясцовы касцёл, заўсёды ахвочыя скаштаваць мядку ў ксяндза. Экскурсаводы, калі дамаўляюцца правесці тур па святыні, цікавяцца пра магчымасць набыць свежы мёд.

Парафія — найважнейшае

Святар штодня ўстае а 6‑й гадзіне раніцы, каб пакарміць жывёлу. Вяртаецца адпачываць толькі пасля 9‑й вечара. Кажа, хутка набліжаецца зіма — «можа быць халодны хлеў, але не можа быць голаду: свойскай жывёле неабходна забяспечыць добрую кармёжку». «Вось узяць пчол. Іх ніхто не ўцяпляе, але ім трэба больш корму даць з восені», — тлумачыць ён.

Святар падкрэслівае, што на першым месцы ў яго заўжды парафія. «У касцёле святыя Імшы кожны дзень, людзі прыходзяць на малітву. Я падтрымліваю вернікаў, наведваю хворых», — гаворыць ён.

А калі яму трэба з’ехаць на некалькі дзён, парафіяне дапамагаюць па гаспадарцы. «Яны ведаюць, дзе ўсё стаіць», — кажа святар.

За апошнія гады мясцовая парафія паменшыла: з колішніх трох тысяч вернікаў засталося каля тысячы. Сёння людзі з’язджаюць з вёсак, мала хто займаецца сельскай гаспадаркай. Аднак ксёндз Станіслаў трымаецца бадзёра, хоць грандыёзных планаў не будуе — зазначае, што яму, «дзякуй Богу, усяго хапае».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула