БЕЛ Ł РУС

«Нясу свой крыж праз жыццё…». У палітвязня з ампутаванай нагой Уладзіміра Гундара пагоршала здароўе

13.11.2025 / 14:29

Nashaniva.com

Асуджанаму на 20 гадоў палітвязню Уладзіміру Гундару спатрэбіліся новыя, мацнейшыя акуляры. Гундар паскардзіўся на пагаршэнне зроку, бо не ў стане нармальна чытаць і пісаць лісты, піша Радыё Свабода.

«Новыя акуляры палітвязню падбіраюць», — паведаміла пра Гундара крыніца, дасведчаная ў ягоных справах. Гэта ўжо другі раз за час зняволення, калі Уладзімір Гундар мусіць мяняць акуляры на мацнейшыя.

У Уладзіміра Гундара вышэй за калена ампутаваная адна нага. У зняволенні ён з 2020 года, у турме яму нязручна карыстацца пратэзам, і ён вымушаны перасоўвацца на мыліцах, што ў турэмных умовах таксама вялікая праблема.

З кастрычніка 2023 года Уладзіміра Гундара трымаюць у магілёўскай турме № 4 на турэмным рэжыме. У зняволенні ён вывучае Біблію, піша вершы, у лістах дзеліцца назіраннямі за прыродай, а таксама думкамі і ўспамінамі. Вынік яго апошніх разваг — цыкл запісаў пра важнасць жыцця.

«— На гэтай дзівосна прыгожай зямлі жыву я, і яе моцна палюбіла душа мая, для мяне жыць на зямлі — вялікае шчасце. Жыццё — скарб найдаражэйшы на зямлі, і я ўдзячны Богу і лёсу за жыццё, дараванае мне.

— І я, не губляючы веры і мужнасці, жыву, праз змрок свой крыж праз жыццё нясу, і ў кожным моцным і гучным стуку сэрца жыве цэлы сусвет незабыўных пачуццяў.

— Чалавек усё сваё існаванне шукае шчасце і радасць, не разумеючы, што шчасцем ён ужо валодае — жыццё і ёсць шчасце. Павінен радавацца, а ён усё шчасце і радасць шукае…

— Жыццё чалавека дзівосна прыгожае ў любых яго праявах: у шчасці і нават у бядзе — найдаражэйшы скарб. А чалавек часта бывае няўдзячны. Любоў і каштоўнасць жыцця змалку трэба прывіваць».

Уладзімір Гундар быў асуджаны на 20 гадоў зняволення па абвінавачанні ў тэрарызме ў справе Мікалая Аўтуховіча. Таксама яго абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта за тое, што падчас арышту ён разбіў свой мабільны тэлефон.

Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязнем, ён уключаны ў спіс палітвязняў, якія паводле стану здароўя знаходзяцца ў небяспечным становішчы. У 2023 годзе, падчас знаходжання ў карцары гарадзенскай турмы, Уладзімір Гундар скардзіўся на страту слыху на адно вуха, пазней слых часткова аднавіўся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула