Рэдактару «Вікіпедыі» далі два гады калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі»
37‑гадовага выкладчыка аднаго са сталічных універсітэтаў абвінавацілі ў тым, што ён абнаўляў артыкулы пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Таксама мужчыну аштрафавалі на 12600 рублёў.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, мужчына, які працаваў выкладчыкам у адным з ВНУ, у перыяд з 2020 па 2025 год размяшчаў у адкрытым доступе на Вікіпедыі 25 паведамленняў, якія ўтрымлівалі, на думку уладаў, заведама хлуслівыя звесткі. У іх гаварылася пра гісторыю Беларусі, дзяржаўныя сімвалы, прэзідэнцкія выбары, рэферэндумы, дзейнасць улады і прававы стан грамадзян.
Следства сцвярджае, што дзеянні мужчыны нанеслі шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам і «дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».
На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў віну, адзначыўшы, што рабіў гэта пад уздзеяннем інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым паводле артыкула 369‑1 Крымінальнага кодэкса і прызначыў пакаранне — 2 гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 300 базавых велічынь (прыкладна 12,6 тысяч рублёў).