БЕЛ Ł РУС

У мінскіх жылых дамах расставяць яшчэ 20 тысяч відэакамер

13.11.2025 / 21:41

Nashaniva.com

У Мінску плануюць устанавіць каля 20 тысяч відэакамер у жылых дамах. Пра гэта паведамілі на нарадзе ў Мінгарвыканкаме, дзе абмяркоўвалі перспектывы абсталявання шматкватэрных дамоў сістэмамі відэаназірання, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Крыніца: «Наша Ніва»

Генеральная дырэктарка дзяржаўнага аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Марына Тоўсцік адзначыла, што камеры плануюць паставіць на тых дамах, якія знаходзяцца на абслугоўванні прадпрыемстваў ЖКГ у розных раёнах горада — гэта больш за 6 тысяч будынкаў. Усяго будзе каля 20 тысяч відэакамер.

Паводле яе слоў, масавае ўкараненне сістэм відэакантролю дазволіць палепшыць маніторынг эксплуатацыі жыллёвага фонду, пастаянна кантраляваць стан прыдамавых тэрыторый і своечасова прымаць рашэнні для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Гэта павінна скараціць выдаткі на абслугоўванне і рамонт тэрыторый каля дамоў.

Цяпер у кожным раёне сталіцы зацверджаныя графікі агляду жыллёвага фонду і прыдамавых тэрыторый, каб вызначыць найбольш зручныя месцы для ўстаноўкі камер. Падрыхтоўчыя работы плануюць завяршыць у наступным годзе. Па стане на 13 лістапада ўжо агледжана каля 26 % аб’ектаў.

Марына Тоўсцік падкрэсліла, што відэакамеры павінны ахопліваць дзіцячыя пляцоўкі, месцы збору смецця, пад’езды, праезды і пешаходныя дарожкі каля жылых дамоў.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў даручыў завяршыць усе абследаванні ў вызначаныя тэрміны, каб як мага хутчэй перайсці да рэалізацыі праекта.

Цяпер у сталіцы ўжо дзейнічае сістэма відэаназірання, усталяваная пры падтрымцы «Белтэлекама». У Мінску працуе амаль дзве тысячы камер, якія размешчаныя на 435 шматкватэрных дамах.

Па ўсёй краіне, паводле інфармацыі на сакавік, за грамадзянамі сочаць каля 60 тысяч «разумных» відэакамер. Гэтыя сістэмы здольныя не толькі запісваць тое, што адбываецца, але і аўтаматычна аналізаваць паводзіны людзей, распазнаваць твары і чытаць нумарныя знакі транспартных сродкаў.

Усю інфармацыю, што транслюецца з гэтых камер, апрацоўвае спецыяльнае падраздзяленне Міністэрства ўнутраных спраў, якое адказвае за маніторынг і захоўванне даных.

Чытайце таксама:

ДАІ збіраецца знаходзіць праз відэакамеры непрышпіленых пасажыраў

У Жлобіне ставяць відэакамеры на прыпынках, каб лавіць вандалаў

Па ўсёй Беларусі ўсталявалі каля 60 тысяч разумных камер з распазнаваннем твараў

Колькасць міліцэйскіх відэакамер у Беларусі перавысіла 40 тысяч штук

Каментары да артыкула