БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра расійскі след у гучнай карупцыйнай справе ўкраінскага «Энергаатама»

14.11.2025 / 8:43

Nashaniva.com

З панядзелка ва Украіне разгараецца адзін з найбуйнейшых з пачатку расійскага ўварвання карупцыйных скандалаў — справа «Энергаатама». Адзін з ключавых яго фігурантаў — Ігар Міранюк, былы памочнік дэпутата Вярхоўнай Рады Андрэя Дзеркача, які ў 2022 годзе збег у Расію і стаў сенатарам.

Згодна з праслухоўкамі ўкраінскіх сілавікоў, удзельнікі схемы некалькі разоў узгадвалі ў сваіх размовах Маскву, паведамляе «Агенцтва».

У панядзелак Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро (НАБУ) і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП) Украіны паведамілі пра маштабныя вобшукі ў высокапастаўленых чыноўнікаў і бізнэсменаў па справе аб крадзяжах сродкаў у дзяржаўным «Энергаатаме» (аператар усіх АЭС ва Украіне). Па версіі следства, удзельнікі схемы патрабавалі адкаты ў 10—15% ад контрагентаў «Энергаатама», у выпадку адмовы прадпрымальнікам пагражалі блакіроўкай плацяжоў за прадстаўленыя паслугі або пазбаўленнем статусу пастаўшчыка. За ўвесь час фігуранты справы змаглі адмыць як мінімум 100 млн долараў праз бэк-офіс у Кіеве, паведамляла прэс-служба НАБУ.

У аўторак НАБУ адрапартавала пра затрыманне пяці з сямі чалавек, якім паведамілі пра падазрэнне. Яшчэ двое — суўладальнік «Квартала-95» Цімур Міндзіч і фінансіст Аляксандр Цукерман, якога лічаць адказным за адмыванне грошай. Абодва паспелі з’ехаць з Украіны незадоўга да вобшукаў.

Сярод фігурантаў справы апынуўся Ігар Міранюк, які займаў пасаду саветніка экс-міністра энергетыкі Украіны Германа Галушэнкі да лета 2025 года. На запісах праслухоўкі размоў фігурантаў, якія апублікавала НАБУ, ён пазначаны пад псеўданімам «Рокет». Крыніцы ўкраінскага выдання NV называюць Міранюка каардынатарам карупцыйнай схемы. У сераду суд арыштаваў яго на 60 сутак.

Да пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Міранюк шмат гадоў працаваў памочнікам былога дэпутата Вярхоўнай Рады Андрэя Дзеркача. Невядома, як доўга ён працаваў на гэтай пасадзе, аднак яшчэ ў 1989 годзе яны абодва скончылі Харкаўскае вышэйшае ваеннае камандна-інжынернае вучылішча ракетных войскаў.

Пасля расійскага ўварвання Дзяркач з’ехаў у Расію і стаў дарадцам губернатара Астраханскай вобласці. У верасні 2024 года яго прызначылі ў Савет Федэрацыі сенатарам ад рэгіёна. Ва Украіне супраць яго заведзена крымінальная справа аб дзяржаўнай здрадзе. СБУ лічыць, што ён уваходзіў у расійскую агентурную сетку.

Для легалізацыі адкатаў удзельнікі схемы адкрылі бэк-офіс. Офіс знаходзіўся ў цэнтры Кіева ў памяшканнях, якія належаць сям'і Дзеркача. Падчас вобшукаў там следчыя знайшлі сувеніры з лагатыпам ФСО, фатаграфіі са следчых дзеянняў апублікавала НАБУ.

На апублікаваных НАБУ запісах размоў фігуранты схемы некалькі разоў узгадваюць «Маскву». На адным з запісаў мужчына па мянушцы «Рэшык» (адказваў за бухгалтэрыю ў бэк-офісе, піша 24tv) кажа: «Двушка пайшла. Будзе ў Маскве праз два тыдні». У яшчэ адной размове «Рэшык» і «Шугар» (верагодна, Аляксандр Цукерман або яго брат Міхаіл) абмяркоўваюць, як некаму «Алексу» занеслі 10 тысяч еўра ў Маскве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула