Дэпартаваныя пры пасярэдніцтве амерыканцаў палітвязні завіслі між пеклам і зямлёю — без ДНЖ і магчымасці працаваць
«Наша Ніва» пагутарыла з палітвязнямі, якіх вывезлі 11 верасня 2025 года. Мінула больш за два месяцы, але большасць з іх яшчэ не атрымала дазволаў на жыхарства.
Дэпартаваныя з Беларусі палітвязні выходзяць з дыпламатычных машын у Вільні, 11 верасня 2025. Фота: Наша Ніва
Былы журналіст «Белсата» Яўген Меркіс — адзін з тых шчасліўцаў, хто ўжо атрымаў свой дазвол на жыхарства. Ён кажа, што калі прайшоў месяц з падачы дакументаў, то ён атрымаў паведамленне: тэрмін разгляду справы падоўжаны.
Такія ж паведамленні атрымалі і ўсе былыя палітвязні, каго вывезлі ў Літву 11 верасня.
«Гэта збянтэжыла ўсіх, хто падаўся на ДНЖ — атрымаць па хуткім трэку не выйшла. Але мне на мінулым тыдні напісалі, што мае дакументы гатовыя і ў мяне ёсць ДНЖ на тры гады. Я ўжо забраў картку», — кажа Яўген.
Але Меркіс адзін з нямногіх, хто дакумент атрымаў. Большасць палітвязняў, вызваленых 11 верасня, яшчэ чакаюць дазволаў на жыхарства.
Палітвязень Яўген Меркіс у дзень вызвалення. Фота: Наша Ніва
Віталь Бандарук — адзін з тых, каму пашчасціла менш. Ён яшчэ чакае ДНЖ. Расказвае, што сваякі аднаго з вязняў, якія перабраліся з Беларусі ў Літву пасля 11 верасня, ужо падаліся на ДНЖ і нават атрымалі свае карткі. А вось сам той вязень, таксама як і большасць яго калег па няшчасці, усё яшчэ чакае дакумент.
«Спачатку спадзяваліся, што атрымаецца зрабіць дакументы для нашай групы за пару тыдняў. Але ўсё трохі зацягнулася, і людзі пачалі хвалявацца, што працэс можа расцягнуцца на некалькі месяцаў».
У такой жа сітуацыі і Вячаслаў Лазараў:
«Спачатку, калі мы падаваліся на ДНЖ, нам сказалі, што чакаць будзем недзе два тыдні. Ужо прайшло больш за два месяцы».
Сярод палітвязняў нямала тых, хто хацеў бы перабрацца ў Польшчу, але пакуль ім робяць ДНЖ, яны прывязаныя да Літвы.
Самае галоўнае, што без дазволу на жыхарства немагчыма ўладкавацца на працу і даводзіцца траціць тыя сродкі, якія сабралі ім беларусы.
Немагчыма і зняць кватэру ці пакой на працяглы час, а часовае жытло каштуе даражэй. Між тым не толькі ўсё мінулае засталося ў Беларусі: там засталося і жытло, а ў старэйшых людзей — і пенсіі.
Палітвязень Дзмітры Казлоў у дзень вызвалення. Фота: Наша Ніва
Дэпартацыя вырвала людзей з пекла лукашэнкаўскіх лагераў, але кінула на чужы бераг без анічога — многіх нават без пашпартоў.
«Я столькі там перанёс дзеля сваіх перакананняў і дзеля Беларусі, мне заставалася сядзець пара месяцаў — а тут мяне выкінулі ў чужую краіну без пашпарта. Часам я думаю: амерыканцаў і нас падманулі з такім «вызваленнем» у двукоссях. Не трэба было ім на такое «вызваленне» пагаджацца. Мая сям'я — там, я тут, і два месяцы сяджу без радзімы, без работы і без нічога», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з вызваленых 11 верасня, які папрасіў не называць яго дзеля бяспекі родных у Беларусі.
«Жыццё дало такую паўзу, каб звыкнуць да новай рэальнасці. Шмат чытаю, шмат гавару. Шчасце — высыпацца і гуляць колькі хочаш. Не баяцца. Але як там Беларусь без нас? Нам бы туды», — дадае ён.