БЕЛ Ł РУС

Нарада па сітуацыі на мяжы з ЕС прайшла без удзелу Лукашэнкі

15.11.2025 / 13:27

Nashaniva.com

Бралі ўдзел Аляксандр Турчын, Аляксандр Вальфовіч, Іван Церцель, Канстанцін Моластаў, Максім Рыжанкоў.

Пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча адбылася нарада, прысвечаная сітуацыі на мяжы з дзяржавамі Еўрапейскага саюза. Мерапрыемства прайшло па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, піша БелТА.

У нарадзе таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі Міністэрства замежных спраў Максім Рыжанкоў, Дзяржаўнага памежнага камітэта Канстанцін Моластаў, Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі і Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель.

«Удзельнікі дэталёва абмеркавалі стан і перспектывы развіцця сітуацыі на мяжы, адзначыўшы, што існуючае становішча не адпавядае інтарэсам ні Беларусі, ні Еўрапейскага саюза», — заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.

«Беларусь паслядоўна заклікае еўрапейскіх суседзяў да аднаўлення ранейшага рэжыму працы мяжы ў інтарэсах звычайных грамадзян і развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва».

«На гэтым фоне вітаем рашэнне ўладаў Рэспублікі Польшча аб аднаўленні працы раней зачыненых двух пунктаў пропуску праз беларуска-польскую мяжу для перамяшчэння людзей, транспартных сродкаў і грузаў. Гэта рашэнне аказвае станоўчы ўплыў пераважна на памежны гандаль», — сказаў прэс-сакратар.

У паведамленні МЗС адзначаецца, што гэты крок з’яўляецца праявай канструктыўнага стаўлення Польшчы, накіраваным пераважна на жаданні ўласных грамадзян.

«На жаль, мы не назіраем аналагічнага падыходу з боку літоўскіх уладаў, якія працягваюць ігнараваць інтарэсы ўласных грамадзян», — адзначыў Руслан Варанкоў.

«Упэўненыя, што рашэнне Польшчы — гэта толькі першы крок да развіцця нашага двухбаковага ўзаемадзеяння. Досвед паказвае: за развіццём кантактаў паміж людзьмі, а часам нават раней, непазбежна ідзе паглыбленне палітычнага супрацоўніцтва», — рэзюмаваў прадстаўнік МЗС.

17 лістапада Польшча адкрые два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю — Кузніцу і Баброўнікі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула