На наступным тыдні надвор'е ў Беларусі стане больш зімовым
Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры АНТ папярэдзіў, што з 17 па 23 лістапада надвор’е ў Беларусі стане больш зімовым. Дажджы будуць усё часцей пераходзіць у мокры снег, тэмпература — апускацца ніжэй за нуль, а на дарогах з’явіцца галалёд. Пераважаць будуць паўночныя і паўночна-заходнія вятры.
ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
У пачатку тыдня чакаюцца туман, высокая вільготнасць і кароткачасовыя ападкі, у тым ліку мокры снег. Ноччу ад -1 на паўночным захадзе да +7 на поўдні. Днём у панядзелак +3…+9, у аўторак +1…+6.
У сярэдзіне тыдня над краінай умацуецца вобласць высокага ціску: ападкаў стане менш, але раніцай і ноччу будзе туман, магчымы галалёд. Уначы ў сераду мароз да -5, удзень да +3.
У другой палове тыдня зноў прыйдуць атмасферныя франты: дождж, мокры снег, туман і галалёд. Ноччу -1…-6, удзень у чацвер каля +3, у пятніцу — да +2.
У выхадныя надвор’е вызначыць антыцыклон. Істотных ападкаў не прадбачыцца, але застанецца туман з вобласцю бачнасці да 500 м. Ноччу -2…-7, у суботу ўдзень каля 0, у нядзелю — ад 0 да -4.