БЕЛ Ł РУС

Брытанскі мастак прадае кучу старых вяровак за мільён даляраў

16.11.2025 / 21:25

Nashaniva.com

А ў чым сэнс?

Тая самая гара вяровак. Фота: davidshrigley / Instagram

Брытанскі мастак Дэвід Шрыглі прадае гіганцкую гару старых згнілых канатаў за адзін мільён фунтаў стэрлінгаў (гэта 1,3 мільёна даляраў), піша Bild.

Доўгія месяцы ён ездзіў па Вялікабрытаніі і збіраў старыя вяроўкі ў партах, майстэрнях і рыбалоўных прадпрыемствах. Гэтая абсурдная гара важыць як двухпавярховы аўтобус — 10 тон, а даўжыня ўсіх вяровак складае 32 км.

Шрыглі ганарыцца сваім тварэннем:

«Гэтая выстава пачалася з выразу: старая вяроўка бескарысная і яе цяжка перапрацаваць, таму валяецца паўсюль. Я падумаў: што калі я зраблю з гэтага літаральна выставу старых вяровак? А затым скажу: так, гэта мастацтва, і так, вы можаце купіць яго за мільён фунтаў. […] Гэтая работа існуе таму, што мяне цікавіць каштоўнасць, якую людзі надаюць мастацтву. Я лічу, што мільён фунтаў — гэта разумны кошт, збольшага праз ідэю і збольшага таму, што гэта значная колькасць вяроўкі».

Мастацкі крытык брытанскай The Sun пярэчыць:

«Гэта самы абсурдны праект, які я калі-небудзь бачыў. Магчыма, яму варта зноў заняцца сапраўдным мастацтвам, замест таго каб адцягваць увагу людзей купамі смецця».

Тым не менш са снежня гэтую кучу можна будзе ўбачыць — «Выстава старых вяровак» адбудзецца ў галерэі Стывена Фрыдмана ў Лондане.

Дэвід Шрыглі вядомы сваімі мудрагелістымі, гумарыстычнымі малюнкамі, скульптурамі, інсталяцыямі і публікацыямі. У 2020 годзе ён атрымаў рыцарскі ордэн Брытанскай імперыі (OBE) у прызнанне яго заслуг у выяўленчым мастацтве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула