У багатых краінах расце колькасць адзінокіх людзей
Прычын называюць некалькі.
Фота: LookByMedia
У багатых краінах расце колькасць адзінокіх людзей. Сярод амерыканцаў ва ўзросце 25‑34 гадоў доля тых, хто жыве без мужа, жонкі або партнёра, павялічылася ўдвая за пяць дзесяцігоддзяў: да 50% для мужчын і 41% для жанчын. З 2010 года доля людзей, якія жывуць у адзіноце, вырасла ў 26 з 30 багатых краін. Паводле падлікаў The Economist, сёння ў свеце ёсць як мінімум на 100 млн больш адзінокіх людзей, чым было б, калі б узровень стварэння пар заставаўся такім жа высокім, як у 2017 годзе.
Адна з прычын — большая незалежнасць жанчын. Выбар працы для іх пашырыўся, яны значна больш здольныя, чым у мінулым, жыць адны ці разрываць кепскія стасункі. Гэта менш асуджаецца цяпер.
Многія адзіночкі кажуць, што задаволеныя заставацца такімі, асабліва жанчыны. Але апытанні ў розных краінах паказваюць, што 60-73% аддалі б перавагу быць у стасунках. Апытанне ў Амерыцы ў 2019 годзе выявіла, што, хоць 50% адзінокіх не шукалі актыўна партнёра, толькі 27% сказалі, што гэта таму, што ім падабаецца быць адзінокімі. Многія здаліся, альбо таму, што страцілі надзею знайсці пару, альбо таму, што іх не задавальняюць прапанаваныя пары.
У Азіі адной з прычын праблемы сталі выбарачныя аборты, калі сем'і ўважалі за лепшае мець сына, што прывяло да дэфіцыту жанчын і лішку халасцякоў у некаторых частках Азіі.
Але эксперты бачаць шмат іншых перашкод.
Некаторыя лічаць, што сацыяльныя сеткі і праграмы для знаёмстваў спрыялі нерэалістычным чаканням (стасункі іншых людзей выглядаюць казачна ў Instagram) і празмернай выбіральнасці. Іншая праблема — расце палітычная прорва паміж маладымі мужчынамі і жанчынамі: першыя схіляюцца да правых, а другія — да левых.
Іншыя эксперты адзначаюць зніжэнне сацыяльных навыкаў, бо людзі праводзяць больш часу, гледзячы ў экраны. Амерыканцы ўсіх узростаў менш кантактуюць асабіста, чым два дзесяцігоддзі таму, але зніжэнне асабліва рэзкае сярод моладзі. Сацыяльныя сеткі распаўсюджваюць страхі, што на жанчын нападуць, калі яны выйдуць на вуліцу; і што мужчыны будуць прыніжаныя ў сацсетках, калі спатканне пойдзе не так.
Магчыма, самым важным фактарам з'яўляецца тое, што, паколькі жыць аднаму стала лягчэй, стандарты жанчын зрабіліся больш патрабавальнымі — і да паспяховасці мужчын, і да іх гатоўнасці дзяліць хатнія абавязкі.
І нават у скандынаўскіх краінах ёсць гэтая тэндэнцыя. У Фінляндыі і Швецыі прыкладна траціна дарослых жыве адна.
А 7% маладых адзінокіх людзей кажуць, што разгледзелі б раман са штучным інтэлектам, і гэтыя любоўныя боты будуць станавіцца ўсё больш дасканалымі. ШІ, урэшце, цярплівы; ШІ добры; ён не просіць вас прыбраць ванны пакой або знайсці лепшую працу.