БЕЛ Ł РУС

У другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Чылі прайшлі камуністка і ўльтраправы кандыдат

17.11.2025 / 8:4

Nashaniva.com

У нядзелю ў Чылі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Па выніках падліку ўсіх галасоў, Жанет Хара ад Камуністычнай партыі выйграла першы тур, набраўшы 27% галасоў. Ультраправы кандыдат Хасэ Антоніа Каст атрымаў 24%.

Жанет Хара. Фота: Marcelo Hernandez / Getty Images

Другі тур выбараў адбудзецца 14 снежня, піша Бі-бі-сі.

Чакаецца, што Каст атрымае галасы ад іншых кандыдатаў, якія не прайшлі ў другі тур — правацэнтрысцкага сенатара Эвелін Матэй і радыкальнага лібертарыянца, кангрэсмена Ёханэса Кайзера.

Калі гэта адбудзецца, Чылі стане чарговай краінай Лацінскай Амерыкі, якая зрушыцца направа.

Каст — кансерватыўны юрыст і былы кангрэсмен, гэта яго трэцяя спроба балатавацца ў прэзідэнты. Бацька дзевяці дзяцей, ён выступае за жорсткія меры супраць іміграцыі, уключаючы «памежную сцяну» ў стылі Трампа, выступае супраць абортаў нават у выпадках згвалтавання.

Яго брат быў міністрам пры дыктатуры Аўгуста Піначэта, а яго бацька — членам нацысцкай партыі.

Хара ў Камуністычнай партыі, але многія лічаць яе цэнтрысткай. Яна была міністрам у цяперашнім урадзе, а ў яе праграме — павелічэнне мінімальнага заробку і прыцягненне арміі для аховы межаў Чылі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула