БЕЛ Ł РУС

Топ-менеджар на Гомельшчыне, які ўваходзіў у склад антыкарупцыйнай камісіі прадпрыемства, асуджаны за карупцыю

17.11.2025 / 12:51

Nashaniva.com

Начальніка аддзела прадпрыемства «Мазырсоль» асудзілі за хабары, якія ён атрымліваў на працягу пяці гадоў, аж да красавіка 2025 года, калі яго і затрымалі. «Флагшток» высветліў, што гэта начальнік аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці і збыту Уладзіслаў Трухановіч.

Уладзіслаў Трухановіч. Фота: «Жыццё Палесся»

Кур'ёз у тым, што на працягу многіх гадоў Уладзіслаў Трухановіч уваходзіў у склад камісіі ў процідзеянні карупцыі ў ААТ «Мазырсоль», а цяпер сам абвінавачаны ў карупцыі. 

Паводле інфармацыі суда, «абвінавачаны Т., з'яўляючыся начальнікам аддзела ААТ «Мазырсоль», у перыяд з красавіка 2021 года да красавіка 2025 года прыняў для сябе ад абвінавачанай Ф., генеральнага дырэктара ТАА «БВК» [«Беларуская вытворчая кампанія»], у якасці хабару грашовыя сродкі на агульную суму не менш за 1 090 000 расійскіх рублёў і 3500 долараў ЗША, за забеспячэнне падпісання з ТАА «БВК» дагавораў на пастаўку прадукцыі ААТ «Мазырсоль» і належнае выкананне дагаворных абавязанняў».

Адзначаецца, што гендырэктар ТАА «БВК» прызнала віну цалкам, а начальнік аддзела «Мазырсолі», «не аспрэчваючы сам факт атрымання грошай, аспрэчваў іх памер і прычыну, з якой прымаў гэтыя грашовыя сродкі».

Абодва асуджаныя да вялікіх тэрмінаў.

Топ-менеджар мазырскага прадпрыемства — да пазбаўлення волі на тэрмін 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і буйнога штрафу, а гендырэктар ТАА «БВК» — да 5 гадоў. Абодвум па амністыі скінулі па адным годзе.

Чаму за пастаўку прадукцыі ААТ «Мазырсоль» начальнік аддзела браў хабары ад ТАА «Беларуская вытворчая кампанія» і за што менавіта, невядома.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула