БЕЛ Ł РУС

Кадэбэшнікі і кашалёк Лукашэнкі — стала вядома, хто кіруе новым кансервавым заводам у Новалукомлі, «аналагаў якому няма»

18.11.2025 / 14:27

Nashaniva.com

На рыбным рынку з'явіўся новы гулец: бізнэсовец Аляксандр Зайцаў адкрыў кансервавы завод у Новалукомлі, у кіраўніцтве — былыя супрацоўнікі КДБ.

Васіль Дземянцей (крайні злева) і Анатоль Каросцін (крайні справа) на адкрыцці Лукомльскага кансервавага завода. Крыніца: vitbichi.by

Бізнэсовец Аляксандр Зайцаў, якога называюць «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі, запусціў уласнае прадпрыемства па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі — Лукомльскі кансервавы завод. Пра гэта стала вядома выданню «Бюро».

Завод быў афіцыйна адкрыты 4 кастрычніка ў Новалукомлі (Чашніцкі раён). Прадпрыемства арыентавана на перапрацоўку прэснаводнай і марской рыбы, а таксама морапрадуктаў. «Аналагаў прадукцыі Лукомльскага кансервавага завода на прасторах Беларусі няма», — кажуць на прадпрыемстве.

Уласнікі і кіраўніцтва

Значная частка долі ў новай фірме аформлена на 21‑гадовага сына бізнэсоўца — Рамана Зайцава (89%).

Яшчэ 10% належаць Васілю Дземянцею — былому намесніку старшыні КДБ і Дзяржаўнага мытнага камітэта. Пасля завяршэння кар’еры ў сілавых ведамствах Дземянцей узначальваў фірму «Брэміна груп», якой валодаюць сам Зайцаў-старэйшы і ягоныя бізнэс-партнёры: Аляксей Алексін і Мікалай Варабей.

Дырэктарам завода стаў Анатоль Каросцін. Каросцін працаваў начальнікам Лепельскага міжраённага аддзела ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці. Цікава, што менавіта там у 80‑х пачынаў кар'еру і Васіль Дземянцей.

Якая дзяржпадтрымка

Будаўніцтва завода праходзіла ў межах дзяржаўнай праграмы «Адзін раён — адзін праект», ініцыяванай Лукашэнкам.

Аб’ём інвестыцый склаў больш як 18 мільёнаў беларускіх рублёў, з якіх 13,5 мільёна — крэдыт «Белаграпрамбанка».

Акрамя сродкаў, завод атрымаў участак зямлі ў 2,8 гектара, а таксама яму перададзена ў арэнду возера Лукомльскае і выдадзена квота на вылаў 50 тон прэснаводнай рыбы.

Марскую рыбу будзе пастаўляць расійскі партнёр — камчацкая фірма «Каракморапрадукт».

Акрамя выпуску кансерваў, завод узяў на сябе абавязкі зарыбляць возера і ствараць умовы для адпачынку, што дазваляе яму дадаткова зарабляць на платнай рыбалцы пад брэндам «Лукамор'е».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула