БЕЛ Ł РУС

Частку радыяцыйна небяспечных тэрыторый перастануць такімі лічыць

25.11.2025 / 23:55

Nashaniva.com

Урад Беларусі прыняў рашэнне выключыць больш як 875 гектараў зямлі ў Веткаўскім, Жлобінскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці са спісу радыяцыйна небяспечных тэрыторый. Пра гэта сведчыць дакумент, апублікаваны на Pravo.by. Участкі плануецца перадаць мясцовым сельгаспрадпрыемствам.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Раённым выканкамам даручана цягам месяца дакладна вызначыць межы гэтых зямель і перадаць іх васьмі сельскагаспадарчым арганізацыям. Адпаведныя змены таксама павінны быць унесеныя ў зямельны кадастр.

Мінсельгасхарч будзе назіраць за тым, як гэтыя тэрыторыі выкарыстоўваюцца, улічваючы заключэнне спецыялістаў. Уся прадукцыя, якая будзе вырошчвацца на новых участках, абавязкова пройдзе праверку на ўзровень радыяцыйнага забруджання.

У 2024 годзе Міністэрства надзвычайных сітуацый паведамляла, што на тэрыторыі Беларусі ёсць каля 248,8 тысяч гектараў зямель, дзе вытворчасць чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі немагчымая або абмежаваная — з-за наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На ахоўныя мерапрыемствы ў гэтых раёнах Беларусь штогод выдаткоўвае каля 150 мільёнаў рублёў.

Чытайце таксама:

Чарнобыль не дае пра сябе забыць. У грыбах з Веткі радыяцыя перавышала норму ў 82 разы

Загадка сініх сабак у Чарнобылі разгаданая. Гэта не радыяцыя, жывёлінаў адмыслова фарбуюць

У якіх гарадах самы высокі радыяцыйны фон?

Каментары да артыкула