БЕЛ Ł РУС

Куніца, якая гойсала па Мінску, загінула

8.12.2025 / 10:12

Nashaniva.com

На самай вяршыні дрэва каля корпуса БНТУ ў пятніцу раніцай заўважылі жывога звярка — куніцу. Як яна туды забралася і адкуль увогуле ўзялася ў цэнтры горада, не зусім зразумела, але сітуацыя, прынамсі для самой куніцы, была даволі напружаная. У выніку яна злезла з дрэва, але сумная доля ўсё ж напаткала звярка, піша Onliner.by.

— Яна сядзіць там з ранку. Людзі выклікалі МНС, думалі, што паставяць лесвіцу і спусцяць яе. Але высветлілася, што ставіць драбіны няма куды, а куніца да таго ж скача з галіны на галіну — казаў у пятніцу а 16:30 адзін са студэнтаў. — Гэта ў першы дзень, як у Мінску выпаў снег, мы яе знялі. Ёй падабаўся снег: весялілася, як шчанюк. Яна, відаць, зусім маладзенькая, ні разу не здолела злавіць ні адной птушкі. Вось так ноччу некалькі разоў забягала: пабегае — і на зямлю. Хадзілі шукаць удзень — ні разу не знайшлі. Адкуль прыбягала — незразумела, — пракаментавала відэа работніца бібліятэкі.

Але ёсць і іншая версія, паводле якой куніца ўсё ж дзікая, проста прывыклая да гарадскіх умоў. Яшчэ адна чытачка распавяла, што падобнага звера і раней сустракалі жыхары Грушаўкі. Паводле слоў мінчанкі, куніца доўгі час палявала на галубоў на гарышчах прыватных дамоў на вуліцы Шчорса, якія пайшлі пад знос.

— Яшчэ вясной прыбягала па галубоў, ужо паўгода як не відаць. Дый увогуле шмат звяр’я і птушак пацярпелі, страцілі звыклае месца пражывання, гнездавання, здабывання корму пры зносе дамоў. Адных толькі спячых вожыкаў колькі пусцілі пад коўш пры зносе. Яны ў нас тут цэлымі сем’ямі бегалі. Вось і куніца ў пошуках лепшага жыцця і харчавання заблудзілася ў горадзе. Небарака.

На жаль, прыгоды куніцы ў Мінску хутка скончыліся трагедыяй: у нядзелю ўдзень яе знайшлі мёртвай каля скрыжавання праспекта Машэрава і вуліцы Чырвонай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула