БЕЛ Ł РУС

Стаматолаг з Мінска збіраецца бегчы 24 гадзіны

10.12.2025 / 9:17

Nashaniva.com

У гэтую суботу ў Беларусі стартуе незвычайная дабрачынная акцыя — 24 гадзіны бесперапыннага бегу, дзе кожны кіламетр ператворыцца ў матэрыяльную дапамогу для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі. І чым больш удзельнікаў далучыцца, тым больш грошай удасца сабраць. Бегчы цэлыя суткі ўсім не давядзецца.

Акцыю задумаў стаматолаг Павел Савіцкі з Мінска. Бегам ён займаецца ўжо даўно, на аматарскім узроўні. У гэтым годзе беларус вырашыў аб’яднаць ідэю здаровага ладу жыцця і дапамогі дзецям і прыдумаў сутачны дабрачынны забег, піша Onliner.by.

— Бег даўно стаў часткай майго жыцця, — расказвае пра сваю ініцыятыву Павел. — У мяне цяпер дзве мэты — дапамагчы дзецям з анкалагічнымі захворваннямі і натхніць людзей на рух. Так, я планую бегчы ўсе 24 гадзіны, гэта сур’ёзны выклік для арганізма. Я ведаю ўсяго пару асоб, якія праходзілі такую дыстанцыю. З трэнерам шчыльна займаюся з лета, трэніруюся я кожны дзень. Гэта не толькі бегавыя трэніроўкі, але і сілавыя. Высілкаў гэта каштуе вялікіх, бо даводзіцца ахвяраваць сном і часам дома. Але да такога графіку звыкаеш, уліваешся і ідзеш да сваёй мэты. Адзначу, што такое магчыма толькі пры падтрымцы тваіх родных і блізкіх.

Павел запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да ягонай задумы:

— Людзі часам кажуць: «Ну што з мяне ўзяць: прабягу пару кіламетраў і ўсё». Але паверце, нават гэтыя пару кіламетраў могуць дапамагчы. І чым нас больш — тым больш дабра мы можам зрабіць».

Якія ўмовы забегу?

Забег можна правесці ў любой мясціне Беларусі. Не трэба прыязджаць у Мінск — дастаткова выйсці на вуліцу ў сваім горадзе і прабегчы столькі, колькі палічыце патрэбным. Сам Павел плануе бегчы ўсе 24 гадзіны без сну.

Пачатак — 13 снежня а 09:00. Фініш — 14 снежня а 09:00.

Падрабязнасці пра тое, як узяць удзел у акцыі, можна знайсці тут.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула