Элітны ЖК «Маэстра» ў Мінску ўведзены ў эксплуатацыю
У Мінску завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю элітны жылы комплекс «Маэстра», які будавалі на плошчы Багушэвіча з восені 2019 года. Пра гэта паведаміў забудоўшчык ТАА «Гасцявы дом» у сваім тэлеграм-канале.
«Афіцыйная частка адміністрацыйных працэдур завершана. Падпісана заключэнне Дзяржбуднагляду, падпісаны акт уводу ў эксплуатацыю», — паведаміла кампанія.
Найбліжэйшымі днямі забудоўшчык звяжацца з усімі дольшчыкамі, каб узгадніць далейшыя тэрміны і дзеянні для рэгістрацыі права ўласнасці на аб'екты нерухомасці.
У 2017 годзе кампанія «Гасцявы дом» атрымала пляцоўку насупраць тэатра музкамедыі замест старых баракаў.
Тэрміны здачы ЖК «Маэстра» неаднаразова пераносіліся.
Продаж кватэр у ЖК пачынаўся прыкладна з $2000 за квадратны метр, аднак да моманту заканчэння будаўніцтва кошт квадратнага метра дасягнуў $3500—4000 у эквіваленце.