ЗША захапілі вялікі нафтавы танкер каля берагоў Венесуэлы
Дональд Трамп заявіў, што амерыканскія ўлады захапілі «вельмі вялікі» нафтавы танкер каля ўзбярэжжа Венесуэлы. Паводле яго слоў, для захопу танкера былі «вялікія прычыны», і паабяцаў даць падрабязнасці пазней, пiша Бі-бі-сі.
Ілюстрацыйнае фота: Gaby Oraa/Bloomberg via Getty Images
«З пункту гледжання навін гэта быў цікавы дзень. Як вы, напэўна, ведаеце, мы толькі што захапілі танкер ля ўзбярэжжа Венесуэлы, вялікі танкер, вельмі вялікі, найбуйнейшы з калі-небудзь захопленых. Адбываюцца і іншыя рэчы, так што вы ўбачыце гэта пазней і пагаворыце пра гэта пазней з іншымі людзьмі», — сказаў прэзідэнт ЗША журналістам у Белым доме.
«Ён быў захоплены па вельмі важкай прычыне», — сказаў ён журналістам крыху пазней, не ўдаючыся ў падрабязнасці. Трамп таксама паабяцаў, што ў бліжэйшы час будуць апублікаваны фатаграфіі.
Неўзабаве пасля заявы Трампа генеральны пракурор ЗША Пэм Бондзі апублікавала ў сацсетках дадатковую інфармацыю, заявіўшы, што танкер ужо шмат гадоў знаходзіцца пад санкцыямі з-за «ўдзелу ў незаконнай сетцы перавозкі нафты, якая падтрымлівае замежныя тэрарыстычныя арганізацыі».
Яна паведаміла, што ФБР, Міністэрства ўнутранай бяспекі і Берагавая ахова ЗША пры падтрымцы Міністэрства абароны «выканалі ордар на арышт нафтавага танкера, які выкарыстоўваўся для перавозкі санкцыйнай нафты з Венесуэлы і Ірана».
Бондзі дадала, што захоп судна ля ўзбярэжжа Венесуэлы быў «праведзены бяспечна і паспяхова», а расследаванне «перавозкі санкцыйнай нафты» працягнецца.
Яна таксама апублікавала кароткі відэазапіс самой аперацыі.
Венесуэла ў адказ на захоп танкера выпусціла заяву, у якой асудзіла Дональда Трампа, падкрэсліўшы, што «мэта прэзідэнта ЗША заўсёды заключалася ў тым, каб захапіць венесуэльскую нафту без якой-небудзь кампенсацыі».
Таксама ў заяве Каракаса сказана, што прычыны працяглай агрэсіі ЗША супраць Венесуэлы «нарэшце раскрыты»: «Гэта не міграцыя. Гэта не наркатрафік. Гэта не дэмакратыя. Гэта не правы чалавека. Гаворка заўсёды ішла аб нашых прыродных рэсурсах, нашай нафце, нашай энергіі — рэсурсах, якія належаць выключна венесуэльскаму народу».
У апошнія тыдні ЗША ўзмацнілі ваенную прысутнасць ля ўзбярэжжа Венесуэлы, заявіўшы, што гэтыя дзеянні накіраваны на барацьбу з наркатрафікам, аднак у Каракасе лічаць, што Вашынгтон імкнецца да змены рэжыму, каб атрымаць кантроль над венесуэльскімі прыроднымі рэсурсамі, у першую чаргу нафтай.
У дачыненні да венесуэльскай нафты ўведзены санкцыі, хоць для некаторых кампаній, напрыклад, амерыканскай Chevron, дзейнічаюць выключэнні з санкцыйнага рэжыму. Chevron ажыццяўляе бурэнне ў многіх частках Венесуэлы і працуе сумесна з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Petroleos de Venezuela (PDVSA).
У канцы лістапада паведамлялася аб тэлефоннай размове Дональда Трампа з прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура.
З верасня ЗША нанеслі ўдары больш чым па 20 суднах у Карыбскім моры, якія падазраюцца ў гандлі наркотыкамі, у выніку чаго загінулі па меншай меры 87 чалавек.
У панядзелак Трамп заявіў выданню Politico, што «дні Мадура палічаны», і не выключыў магчымасці наземнага ўварвання ЗША ў Венесуэлу.