БЕЛ Ł РУС

Ва Уроцлаве машыну беларуса пяты раз псуюць невядомыя

11.12.2025 / 15:56

Nashaniva.com

За тры месяцы машыну Змітра (імя змененае) псавалі пяць разоў. Спачатку драпалі, потым аблівалі белай вадкасцю. Мужчына жыве ва Уроцлаве, ягоны аўтамабіль — на беларускіх нумарах. Ён звяртаўся ў паліцыю, але заяву ў яго не прынялі, піша «Мост».

Аўтамабіль Змітра, абліты белай вадкасцю, і матэрыялы, якія ён возіць за шклом

Па словах Змітра, раней ён некалькі гадоў жыў у Варшаве і іншых гарадах Еўропы і з падобнымі інцыдэнтамі не сутыкаўся.

— Не ведаю, чаму ва Уроцлаве псуюць маю машыну. Можа, праз беларускія нумары, а можа, праз надпісы ў салоне ў падтрымку Украіны, — кажа ён.

Першыя выпадкі здарыліся ў кастрычніку: на дзвярах аўтамабіля з'явіліся глыбокія драпіны. Праз занятасць мужчына не змог адразу прыехаць у паліцэйскі ўчастак, каб падаць заяву. Звярнуўся толькі ў суседнюю краму, каб праверыць камеры назірання.

Праз два тыдні машыну аблілі белай фарбай. Як кажа Зміцер, вадкасці было некалькі літраў, і адмыць усё ўдалося з цяжкасцю.

Апошні інцыдэнт адбыўся 10 снежня: аўтамабіль зноў аблілі белай вадкасцю.

Зміцер мяркуе, што на гэты раз быў клей ці ёгурт.

— Добра, хоць вокны не разбілі і колы не прабілі. Мне патрэбная была машына, і я паехаў адразу на мыйку, толькі пасля ў паліцыю. Але заяву ў мяне не прынялі, бо няма доказаў — толькі фота.

Беларус падкрэслівае, што яго аўтамабіль заўсёды прыпаркаваны згодна з правіламі дарожнага руху і не перашкаджае ні праезду, ні пешаходам.

— Гэта непрыемна, і я не разумею, чаму людзі так робяць. Відаць, што мэтанакіравана. І самае цікавае, што я ні з кім не лаюся, і ворагаў у мяне няма ў Польшчы. Многія знаёмыя палякі мяне падтрымліваюць, нават прапануюць гараж. Цяпер буду думаць, як вырашаць праблему з паркінгам. Але картку ў падтрымку Украіны прыбіраць не збіраюся, — кажа Зміцер.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула