Жыхарка Добруша атрымала гіганцкі рахунак за карыстанне газам — усё з-за мужа, з якім яна не жыве 30 гадоў
У 1997 годзе жанчына развялася з мужам, той з канцамі з'ехаў у Расію, а зараз ёй прыйшоў рахунак па поўным тарыфе.
На прыём да старшыні Добрушскага райвыканкама Аляксандра Горбача Тамара Васільеўна прыйшла пасля таго, як атрымала рахунак за карыстанне прыродным газам. Сума аказалася значна большай у параўнанні з папярэднімі месяцамі, піша «Добрушскі край».
Яна кажа, што яе пенсіі не хопіць, каб аплачваць паслугі па поўным тарыфе.
У 1997 годзе яна развялася з мужам, але засталася жыць у сумесна пабудаваным доме, уладальнікам якога лічыцца былы муж. Мужчына выехаў жыць у Расію, сувязі ні з ёй, ні з дзецьмі не падтрымлівае. У 2012 годзе жанчына падавала заяву на яго вышук і атрымала ад праваахоўнікаў запэўніванне, што ён жывы, але паведамляць пра сваё месцазнаходжанне не жадае.
Старшыня райвыканкама растлумачыў: сапраўды, з 1 кастрычніка працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, абавязаны аплачваць увесь аб’ём камунальных паслуг — цеплазабеспячэнне, газ, ваду, электрычнасць — па поўных тарыфах, а не толькі сваю долю, як было раней. Гэтае новаўвядзенне датычыцца ўсіх жылых памяшканняў, што належаць такім асобам, і накіравана на выраўноўванне ўмоў аплаты для ўсіх катэгорый грамадзян.
— Вырашэнне пытання ляжыць у судовай плоскасці, — сказаў кіраўнік раёна. — У першую чаргу трэба вызначыць лёс жылля. Падайце ў суд на падзел маёмасці, дакументальна аформіце сваю долю ў доме. Іншага шляху не будзе.
Кіраўнік раёна газазабеспячэння Юрый Співак падтрымаў прапанаваны выхад з праблемнай сітуацыі.
— Пасля ўсіх працэдур звяртайцеся да нас, правядзём абследаванне, зафіксуем, што газавыя сеткі знаходзяцца на вашай жылплошчы, — абмаляваў ён далейшыя крокі. — Заключым дамову на газазабеспячэнне, і будзеце плаціць па ільготным тарыфе.
***
Зараз прыродны газ пры наяўнасці лічыльнікаў падаражэў да 21,25 капейкі за кубаметр (+0,63 капейкі). Калі прыбораў уліку няма, то ў ацяпляльны сезон плата складзе 73,6 капейкі за квадратны метр агульнай плошчы (+4,88 капейкі), а летам — 27,6 капейкі за «квадрат» (+1,83 капейкі).
Звадкаваны газ для дамоў з індывідуальным ацяпленнем і лічыльнікамі абыдзецца ў 3,1098 рубля за кубаметр у ацяпляльны перыяд (+26,41 капейкі).
Без лічыльнікаў тарыф вырас да 10,1046 рубля за квадратны метр агульнай плошчы (+93,27 капейкі).