БЕЛ Ł РУС

У Італіі злачынца спрабаваў схавацца, выдаючы сябе за пастуха ў дэкарацыях каляднай батлейкі

13.12.2025 / 15:38

Nashaniva.com

У італьянскім горадзе Галатоне, у Апуліі, паліцыя затрымала злачынцу, што быў у вышуку і абраў у якасці сховішча калядную батлейку на цэнтральнай плошчы.

Ілюстрацыйнае фота

38‑гадовы мужчына, які знаходзіўся ў вышуку за супраціў паліцыі і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, проста стаў паміж фігурамі Марыі і Іосіфа і вырашыў не рухацца, піша Bild.

На незвычайнага персанажа ў сцэне Калядаў звярнуў увагу мэр Галатоне Флавіа Філоні. Спачатку ён прыняў мужчыну за новую роставую фігуру і нават сфатаграфаваў яго.

«Я праходзіў міма ясляў і заўважыў, што побач з Марыяй, Іосіфам, немаўлём Ісусам і пастухом стаіць яшчэ адзін пастух, якога раней там не было», — расказаў ён.

Сітуацыя праяснілася, калі пастух нечакана заварушыўся. Паводле Філоні, ён спытаў, ці ўсё ў парадку, а той адказаў, што хоча пераначаваць проста ў яслях. Пасля гэтага мэр выклікаў паліцыю.

Праверка дакументаў паказала, што мужчына — ураджэнец Ганы — ужо некалькі тыдняў знаходзіцца ў вышуку пасля ўцёкаў з Балоньі. У выніку ганец апынуўся ў турме горада Лечэ. У Балоньі яго прыгаварылі да дзевяці месяцаў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула