МЗС Літвы: Еўрасаюз нават не абмяркоўвае пытанне зняцця санкцый з Беларусі
Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што ў Еўрапейскім саюзе не вядзецца ніякіх абмеркаванняў наконт змякчэння санкцый у дачыненні да Беларусі. У ведамстве адзначылі, што рашэнне Злучаных Штатаў аб зняцці санкцый з беларускіх калійных угнаенняў з’яўляецца самастойным крокам Вашынгтона і не звязанае з санкцыйнай палітыкай ЕС, паведамляе LRT.
Фота ілюстрацыйнае
МЗС Літвы падкрэслівае, што ўсе прычыны, праз якія Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Беларусі, застаюцца актуальнымі. Сярод іх — унутраныя рэпрэсіі, падрыў дэмакратыі, выкарыстанне міграцыі як інструмента ціску, падтрымка Расіі ў агрэсіі супраць Украіны, а таксама гібрыдныя атакі.
У міністэрстве прызналі, што вызваленне палітычных зняволеных — важны дыпламатычны крок, аднак пазіцыя Літвы застаецца нязменнай: дзеянні беларускіх уладаў працягваюць ствараць сур’ёзную пагрозу бяспецы Літвы, Еўрасаюза і НАТА.
13 снежня у Беларусі вызвалілі і выдварылі за межы краіны 123 палітычных зняволеных. Дзевяць з іх выехалі праз тэрыторыю Літвы, астатнія — праз Украіну. Сярод вызваленых такія вядомыя асобы, як Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Аляксандр Фядута, Павел Севярынец і іншыя.
Чытайце таксама:
Джон Коўл спрагназаваў, што і яшчэ тысячу палітзняволеных дэпартуюць
Спіс палітвязняў, вызваленых 13 снежня
Большасць палітвязняў, вызваленых сёння, выслалі ва Украіну
Коўл: Лукашэнка пагадзіўся спыніць запуск паветраных шароў у бок Літвы