Як за год змянілася цана кватэр у Мінску і абласных цэнтрах
Рост цэн уражвае, але ці ўдалося пабіць рэкорд 18‑гадовай даўніны?
ЖК «Мінск Свет». Фота: забудоўшчык
Мінск
Сярэдні кошт квадрата ў сталіцы набліжаецца да $2000. Паводле статыстыкі Realt, сярэдняя цана метра на другасным рынку Мінска ў пачатку снежня складае $1941. Адметна, што гэта не пікавыя цэны 2025 года, бо апошнім часам назіраецца невялікае зніжэнне. Напрыклад, у кастрычніку ў Мінску прасілі па $1980 за метр.
У пачатку снежня 2024 года квадрат у сталіцы ў сярэднім ацэньвалі на $1605.
Гадавы прырост цаны метра на другасным рынку склаў 21%.
Скрыншот: realt.by
Сярэдні кошт квадратнага метра рэальных угод за лістапад 2025 года склаў $1922. Годам раней было $1584. Як і па прапановах, рост складае каля 21%.
Нягледзячы на вельмі інтэнсіўны рост цэн цягам 2025 года, абсалютны рэкорд канца 2007 года не пабіты — тады квадрат у сталіцы па прапановах каштаваў $2010.
Скрыншот: realt.by
Брэст
Брэст захоўвае званне абласнога цэнтра з самымі высокімі цэнамі на нерухомасць. На канец 2025 года за метр у Брэсце ў сярэднім просяць па $1136. Летась — $1028.
Гадавы прырост склаў +10,5%, што было самым сціплым паказчыкам сярод буйных гарадоў.
Гродна
Пачынаючы са жніўня, Гродна стаў другім абласным цэнтрам, дзе сярэдні кошт квадрата перакрочыў адзнаку $1000.
На канец 2025 года за метр у Гродне ў сярэднім просяць па $1078. Летась за квадрат у Гродне ў сярэднім прасілі па $851. Гадавы прырост — амаль 27%, што робіць Гродна лідарам па гадавым росту цаны нерухомасці па прапановах.
Магілёў
На пачатак снежня 2025 года квадрат у Магілёве ў сярэднім ацэньваюць на $998. Летась за квадрат у Магілёве ў сярэднім прасілі па $840. Гадавы прырост склаў больш за 18%.
Скрыншот: realt.by
Гомель
Да пераадолення планкі $1000 па прапановах Гомелю таксама не стае зусім трошкі. На пачатак снежня 2025 года квадрат там у сярэднім ацэньваюць на $993. Год таму за метр у сярэднім прасілі па $821. Гадавы прырост, як і ў Мінску, склаў каля 21%.
Віцебск
Віцебск традыцыйна застаецца абласным цэнтрам з самай таннай нерухомасцю. На пачатак снежня 2025 года квадрат там у сярэднім ацэньваюць на $901. Год таму за метр у Віцебску ў сярэднім прасілі па $771. Гадавы прырост — 17%.