У Берліне завяршыліся перамовы паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША
У сталіцы Германіі скончыліся перамовы паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША адносна мірнага плана, паведаміў журналістам дарадца прэзідэнта Украіны Дзмітрый Літвін, піша «Украінская праўда».
Фота: Guido Bergmann / Bundesregierung via Getty Images
Перамовы пачаліся раніцай 15 снежня каля 11:00 па мясцовым часе. У іх узяў удзел прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
У гэты ж дзень у Берліне таксама чакаюць прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера, прэм’ер-міністра Нідэрландаў Дзіка Схоофа, прэм’ер-міністарку Італіі Джорджу Мелоні і прэзідэнта Фінляндыі Аляксандра Стуба.
Стуб яшчэ ў нядзелю прыляцеў у Берлін і меў кароткую сустрэчу з перамоўшчыкамі Дональда Трампа.
Згодна з графікам, апублікаваным у Офісе прэзідэнта Украіны, сустрэча Зяленскага з шырокім колам еўрапейскіх лідараў пачнецца а 20‑й па кіеўскім часе (21:00 па Мінску).
Папярэднія перамовы паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША з удзелам Зяленскага адбыліся 14 снежня. У Офісе Зяленскага паведамілі, што перамовы доўжыліся больш за пяць гадзін. Спецыяльны прадстаўнік амерыканскага прэзідэнта Стыў Уіткаф заявіў пра вялікі прагрэс.