Бяляцкі расказаў, як даведаўся ў СІЗА пра Нобелеўскую прэмію
«Я даведаўся пра гэта ў калідоры СІЗА ад іншых зняволеных, якія стаялі і казалі, што «быццам бы табе далі Нобелеўскую прэмію».
Скрыншот відэа
Алясь Бяляцкі расказаў у інтэрв'ю DW Беларусь, як даведаўся ў СІЗА пра Нобелеўскую прэмію.
«Я даведаўся пра гэта ў калідоры СІЗА ад іншых зняволеных, якія стаялі і казалі, што «як быццам бы табе далі Нобелеўскую прэмію». Праз некалькі хвілін, калі я сустрэўся з адвакаткай, яна сапраўды пацвердзіла гэтую навіну. І гэта было абсалютна нечакана для мяне. Хаця я быў у гэтым спісе вылучэнцаў на Нобелеўскую прэмію, якіх кожны год там больш за 200 асоб звычайна. Не адзін раз я ў гэтым спісе быў, але заўсёды былі вельмі малыя шанцы, улічваючы і колькасць людзей, і тыя праблемы, якія ёсць, якімі яны займаюцца.
Гэта сапраўды было амаль немагчыма — атрымаць Нобелеўскую прэмію. Я ставіўся заўсёды да гэтага вельмі спакойна, як да чагосьці, чаго рэальна ніколі не будзе.
І калі гэта адбылося, я быў проста шакаваны. Я не паверыў спачатку. Гэтага не можа быць!»
Ён адзначыў, што прэмію далі «за той гераізм, я сказаў бы, масавы гераізм, які праяўлялі беларусы падчас масавых акцый 2020 года, жаданне свабоды, справядлівасці, якое выказалі мільёны беларусаў». А тое, што яе падзялілі прадстаўнікі беларускай, украінскай і расійскай грамадзянскай супольнасці, падкрэслівае кантэкст вайны, у якім мы знаходзімся.
Ці Нобелеўскі камітэт ужо звязаўся з Алесем?
«Яны зрабілі сваю заяву, і мы павінны звязацца з імі самі найбліжэйшым часам. Я вельмі ўдзячны Нобелеўскаму камітэту, за гэтую прэмію, за тое, што яны не забываліся ні пра мяне, ні пра маю сям'ю ўсе гэтыя тры гады, пакуль я знаходзіўся ў зняволенні».