Краіны Еўропы і ЗША гатовыя даць Украіне гарантыі па прынцыпе 5‑га артыкула НАТА
Пасля апошніх перамоў паміж Расіяй і Украінай ніводнае пытанне пакуль не было канчаткова вырашана, але ў многіх ёсць прагрэс. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Белага дома ў каментары Sky News.
Удзельнікі сустрэчы ў Берліне. Фота: AP Photo/Markus Schreiber,Pool
Са слоў амерыканскага чыноўніка, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мяркуе, што здольны пераканаць Расію пагадзіцца на гарантыі бяспекі для Украіны, аналагічныя тым, што прадугледжаныя артыкулам 5. Ён адзначыў, што ў Берліне ў гэтым кірунку быў дасягнуты пэўны прагрэс, аднак падкрэсліў: такія гарантыі не будуць абмяркоўвацца бясконца.
Пра тое, што краіны ЕС і ЗША дамовіліся аб наданні Украіне гарантый бяспекі, падобных да пятага артыкула НАТА, заявіў і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц:
«Гэта сапраўды перспектыўнае, змястоўнае пагадненне, якога ў нас раней не было: і еўрапейцы, і амерыканцы супольна гатовыя даць Украіне гарантыі бяспекі. Прэзідэнт Зяленскі пры гэтым спаслаўся на артыкул 5 дамовы НАТА — гэта значыць гаворка ідзе пра падобныя гарантыі бяспекі для Украіны».
Амерыканскі чыноўнік таксама заявіў, што пасля апошніх сустрэч назіраецца паступовае скарачэнне разыходжанняў паміж Масквой і Кіевам, а дыскусіі аб тэрытарыяльных пытаннях сталі больш паглыбленымі.
Прадстаўнік Белага дома паведаміў і пра тое, што Расія нібыта можа заняць адкрытую пазіцыю наконт уступлення Украіны ў Еўрапейскі саюз.
Акрамя таго, ён падкрэсліў, што Дональд Трамп застаўся задаволены вынікамі перамоў паміж дэлегацыямі ЗША і Украіны ў Берліне. Паводле ацэнкі крыніцы, сустрэчы прайшлі «сапраўды пазітыўна», а ў шэрагу пытанняў удалося знайсці паразуменне.
Разам з тым было адзначана, што некаторыя тэмы яшчэ патрабуюць далейшага абмеркавання. Таксама чыноўнік дадаў, што еўрапейскія прадстаўнікі паказалі сябе вельмі добра і выказаў надзею, што бакі змогуць наблізіцца да мірнага ўрэгулявання.
Перамовы паміж ЗША і Украінай прайшлі 14‑15 снежня ў Берліне і доўжыліся каля пяці гадзін. У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф і зяць амерыканскага лідара Джарэд Кушнер. Абмяркоўваўся мірны план, які складаецца з 20 пунктаў.
Чытайце таксама:
ЗША на перамовах у Берліне патрабуюць аддаць Расіі ўвесь Данбас
У Берліне завяршыліся перамовы паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША
Уіткаф паведаміў пра значны прагрэс на перамовах у Берліне
Зяленскі: Украіна адмовіцца ад уступлення ў NATO ў абмен на гарантыі бяспекі