БЕЛ Ł РУС

Украіна трэці раз за тыдзень нанесла ўдары па расійскіх нафтагазавых аб'ектах у Каспійскім моры

15.12.2025 / 23:19

Nashaniva.com

Як паведамляюць крыніцы выдання Hromadske, 15 снежня ўкраінскія дроны атакавалі платформу на нафтагазакандэнсатным радовішчы імя Карчагіна. У выніку былі пашкоджаныя ключавыя элементы абсталявання, што прывяло да спынення здабычы. Аперацыю правяла Служба бяспекі Украіны.

Радовішча імя Карчагіна. Фота: «Лукойл»

Гэта ўжо трэцяя атака на расійскую нафтагазавую інфраструктуру ў Каспійскім моры за апошнія дні. 11 снежня дроны СБУ ўдарылі па платформе на радовішчы імя Філаноўскага, а на наступны дзень атака была паўтораная — ужо па аб’екце, праз які нафта пастаўляецца на экспарт праз Каспійскі трубаправодны кансорцыум. Тады ж упершыню была пашкоджаная платформа на радовішчы імя Карчагіна.

У выніку гэтых удараў была спыненая здабыча нафты і газу больш як на 20 свідравінах, а таксама пашкоджана важнае абсталяванне на абедзвюх лёдаўстойлівых платформах. Усе аб’екты належаць кампаніі «Лукойл-Ніжняволжскнафта».

Радовішча імя Карчагіна, адкрытае ў 2000 годзе, знаходзіцца ў паўночнай частцы шэльфа Каспійскага мора прыкладна за 180 кіламетраў ад Астрахані. Ягоныя запасы ацэньваюцца на 28,8 мільёна тон нафты і 63,3 мільярда кубаметраў газу. Радовішча імя Філаноўскага лічыцца адным з найбуйнейшых разведаных у Расіі і ў яе сектары Каспійскага мора — з запасамі каля 129 мільёнаў тон нафты і 30 мільярдаў кубаметраў газу.

Чытайце таксама:

Z-блогер прызнаўся, як украінцам удалося знішчыць расійскую падлодку коштам паўмільярда даляраў

УСУ нанеслі ўдар па газаперапрацоўчым заводзе ў Астрахані

Украіна нанесла ўдар па нафтаздабыўнай платформе «Лукойла» ў Каспійскім моры

Каментары да артыкула