БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка ўгаворвае амерыканцаў не бамбіць флот наркамафіі, а дамаўляцца

16.12.2025 / 8:45

Nashaniva.com

Дональд Трамп вядзе паўнавартасную вайсковую кампанію супраць наркатрафіку — ВМС і авіяцыя ЗША бамбяць судны, якія Вашынгтон абвяшчае наркатэрарыстычнымі. Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналісткай телекампаніі «Ньюсмакс», жонкай спецпасланніка Джона Коўла Грэтай Конвэй Ван Састэрэн пераконваў амерыканцаў адмовіцца ад ракет у барацьбе з наркагандлярамі. «Трэба дамаўляцца», кажа ён. 

Што ЗША трэба рабіць з тым патокам наркотыкаў, якія ідуць з Венесуэлы ў ЗША, спытала журналістка Лукашэнку.

— А вы ўпэўненыя, што там такі паток наркотыкаў, пра які ў ЗША так шмат сёння гавораць? — парыраваў ён.

— Фентаніл ідзе з Мексікі, але іншыя наркотыкі, яны вырабляюцца ў Калумбіі і іншых краінах Лацінскай Амерыкі, яны праз Венесуэлу ўсё роўна ідуць у ЗША, — адказала тая.

Лукашэнка сказаў, што напярэдадні менавіта гэта пытанне ён абмяркоўваў з амерыканскай дэлегацыяй.

— Наркотыкі, як і многае іншае, гандаль людзьмі, прастытуцыя, зброя — гэта рэаліі нашага часу. З гэтым трэба змагацца. Але ракетамі наркотыкі не пераможаш, — запэўнівае ён. — Гэта вайна, гэта барацьба. Вы правільна пачалі гэтую барацьбу супраць міграцыі і супраць наркотыкаў. У гэтым Трамп малайчына, што ён падняў гэтую тэму. Супраць гэтага мы будзем змагацца. І пасля нас — мы пойдзем, Трамп, я, твой Джон, мы пойдзем на нябёсы туды — а нашы дзеці будуць змагацца супраць гэтай бяды. Гэта новая з'ява ў новай эпосе. Ракетамі гэта не перамагчы. Трэба дамаўляцца, трэба вызначыць сумесныя меры барацьбы.

Лукашэнка правёў паралель з Беларуссю і Еўропай: маўляў, мы змагаліся з наркатрафікам, а Еўропа межы закрыла — больш мы іх абараняць не будзем.

— Я што, у гэтай сітуацыі павінен абараняць Еўропу? Навошта? Яны мяне душаць, а я павінен іх абараняць ад наркотыкаў. Так жа і вы. Вы не павінны Венесуэлу душыць. Вы павінны знайсці гэты кампраміс, — прапаноўвае ён.

Ён гаворыць, што наркотыкі — з’ява не венесуэльская, не афганская, таму «трэба думаць, а не ваяваць».

— Гэта планетарная з'ява, з якой нам трэба змагацца. Не ракетамі! Нам трэба шукаць, можа быць, новыя метады. Трэба думаць, а не ваяваць. І я, Грэта, не веру ў тое, што вось такі аб'ём наркотыкаў, які ідзе ў Злучаныя Штаты Амерыкі, ён ідзе з Венесуэлы. Я не веру ў тое, што кажа Трамп па гэтым пытанні.

— Ці не лічыце вы, што прэзідэнт Мадура асабіста зацікаўлены і займаецца наркатрафікам у ЗША? — спытала карэспандэнтка.

— У вас такіх фактаў няма, і ў мяне таксама. Не думаю, што гэта так. Мадура не наркаман, гэта я ведаю дакладна, — заключыў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула